Аўтараў Regnum асудзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці з адтэрміноўкай

Аўтары Regnum асуджаныя на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыездзе і прафілактычны нагляд, паведамляе Радыё Свабода.

2a735e59_103b_4481_83f0_be26b3cdd9cc_w1023_r1_s.jpg


У Мінскім гарадскім судзе 2 лютага пастаўленая кропка ў справе аўтараў пракрамлёўскага агенства Regnum, якіх судзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці ў складзе групы.
Выкладчык БДУІР Юры Паўлавец, былы школьны вартаўнік з Берасьця Дзмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка прызнаныя вінаватымі і асуджаныя на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады. Іх вызвалілі ў залі суду пад падпіску аб нявыездзе і прафілактычны нагляд. З іхных рахункаў і іхнай маёмасці зняты арышт.
Міліцыянт у залі суду заклікаў трымаць цішыню, пакуль суддзя зачытвае, што рабіць з доказамі ў справе.
***
Пракурор на пачатку судовых спрэчак прасіў для падсудных 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай 3 гады, а абарона патрабавала апраўдання.
Самі асуджаныя так і не прызналі сваёй віны, у апошнім слове называлі працэс палітычным і пасля суду заявілі, што будуць абскарджваць прысуд.
Абвінавачанне Паўлаўца і Шыптэнкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці падчас працэсу было з іх знятае. Пры гэтым Паўлавец на судзе прызнаў, што атрымліваў грошы за свае артыкулы ў амбасадзе Расіі ў Беларусі.
За кратамі аўтары Regnum правялі амаль 14 месяцаў, якія суд ім залічыў як адбытыя. Падчас следства і суду аўтараў Regnum трымалі ў Мінскім следчым ізалятары № 1, што на вуліцы Валадарскага.