Бацьку пецярых дзяцей асудзілі на 10 сутак за сцяг на акне дома, які агароджаны плотам 2-мятровай вышыні
А яшчэ раней затрымалі яго жонку — жыхарку Ждановіч Вольгу Залатар.
Днём 18 сакавіка Сяргей Ганкевіч даведаўся, што ў яго доме
прайшоў ператрус, а жонку Вольгу Залатар затрымалі, паведамляе «Вясна назірае». У 14:30 Сяргей прыехаў
дадому з працы, дзе да гэтага часу дома была толькі адна 10-гадовая дачка. У
пратаколе ж пазначана, што Сяргей «у 13:50 у акне прыватнага дома на
агульны агляд вывесіў незарэгістраваны БЧБ-сцяг, тым самым правёў пікетаванне».
Аб пратаколе па арт. 24.23 КаАП мужчына даведаўся толькі ў РУУС, куды яго
выклікалі каля 23:00 для допыту.
Справу Ганкевіча
разглядзела суддзя Мінскага раёна Кацярына Новікава. Суду Сяргей растлумачыў,
што сцягоў дома ў іх не было, а тым больш яны не віселі на акне. Таму ён
выказаў здагадку, што самі супрацоўнікі вывесілі яго, каб мець падставы для
затрымання.
У пратаколе пазначана, што пікетаваў Сяргей у доме 58, вось
толькі ён пражывае ў доме 56. У матэрыялах справы ёсць фатаграфіі сцяга на акне,
але Ганкевіч звярнуў увагу суда, што фота зроблена з двара, а не з вуліцы. А
справа ў тым, што з вуліцы вокнаў дома на першымі паверсе не відаць, таму што
плот вакол дома вышынёй 2.2 метра.
На судзе дапыталі і маму Вольгі Залатар Яніну, па словах якой,
Сяргей катэгарычна забараняў трымаць у доме БЧБ-сцяг і казаў, што ён
апалітычны, бо яму трэба карміць пяць дзяцей.
Яніна Залатар гэтак жа сказала,
што Вольга перастала выходзіць на сувязь яшчэ раніцай. Яна павінна была адвезці
дачку а 10 раніцы на занятак па цымбалах, але выкладчыца паведаміла, што
дзяўчынка ў школе не з'явілася. Пазней ёй стала вядома, што дома праводзілі
ператрус каля дзесяці супрацоўнікаў ГУБАЗіКа.
Рапарт складаў
сведка-міліцыянт Павел Юхіменка. На судзе ён сказаў, што ўказаны ў пратаколе
дом 58 — гэта толькі тэхнічная памылка.
З допыту сведкі-міліцыянта:
— Вы можаце указаць, што канкрэтна Сяргей размясціў сцяг на акне?
— Не.
— Што адбылося са сцягам, дзе ён?
— Супрацоўнікі ГУБАЗіКа забралі.
— Дазвол на фатаграфаванне ў доме давалі?
— Не.
— Сцяг з вуліцы бачны?
— Плот вышэй за мяне (2.2 метра), але я магу падскочыць, каб убачыць акно першага паверха.
У выніку, суддзя Новікава не
ўлічыла памылкі ў пратаколе і асудзіла ўчора Сяргея на 10 сутак арышту.
Зараз Вольгу ўтрымліваюць у
СІЗА №1 на Валадарскага, але на падставе якога артыкула — пакуль невядома.