Баранавічы: Рыгора Грыка прымушаюць спыніць грамадскую дзейнасць

Грамадскга актывіста Рыгора Грыка начальніца ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Жытко запрасіла для размовы, праўда, не назваўшы канкрэтнай прычыны запрашэння.



gryk_rygor_2.jpg

Рыгор Грык, грамадскі актывіст з Баранавіч

—– Я ведаў, што гаворка будзе вясціся вакол маёй грамадскай дзейнасці, збору подпісаў, распаўсюду газет і ўлётак, таму я вырашыў пайсці, каб давесці ім сваю пазіцыю па шматлікіх пытаннях грамадска-палітычнага жыцця нашага горада — паведаміў Рыгор Грык.

Размова адбылася 16 траўня ў кабінеце № 201 гарвыканкама і цягнулася амаль гадзіну. Разам з Таццянай Жытко ў кабінеце прысутнічалі яшчэ двое супрацоўнікаў ідэалагічнага аддзела, якія прымалі актыўны ўдзел у “прафілактычна-выхаваўчай” размове.

— Фактычна мяне выклікалі, каб пераканаць ў неабходнасці спыніць грамадска-палітычную дзейнасць і, як сказала Таццяна Жытко, каб я “не баламуціў” народ. Я не хаваў, што ў вольны ад працы час распаўсюджваю газеты “Новы час”, “Рабочая салідарнасць”, бо арт.34 Канстытуцыі гарантуе нам права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Але усё гэта я раблю па закону і пры гэтым не парушаю грамадскага парадку, — адзначыў Рыгор Грык.

 
spring96.org