Валянціна Каваленка: міліцыю выкарыстоўваюць для ціску на грамадзянаў

17 мая актывістку Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, жыхарку горада Бабруйска Валянціну Каваленка выклікалі да выконваючага абавязкі начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкама Віталя Харлапава.  



6301340b8704bbf48682e4afda069f9d.jpg

З якім народам беларуская міліцыя?

Як распавяла карэспандэнту “НЧ” Каваленка, міліцэйскі начальнік ніяк не змог матываваць прычыну выкліку і не дазволіўў жанчыне пазнаёміцца  з дакументамі, якія і сталі нагодаю для гутаркі.

“Пры гэтым Віталь Харлапаў цікавіўся маім знаёмствам з юрысткай Тамарай Сяргей”, — сказала Каваленка. У гэтай сітуацыі жанчына ўнесла ў кнігу скаргаў і прапановаў УУС запіс пра тое, што з жніўня мінулага году яе другі раз выклікаюць на размову ў мясцовае ўпраўленне ўнутраных справаў і ў парушэнне артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адмаўляюць ў знаёмстве з дакументамі, якія сталі нагодаю такіх выклікаў.

Валянціна Каваленка адзначыла, што 28 жніўня 2012 году яна была выклікана ў Бабруйскае гарадское УУС, дзе намеснік начальніка Аляксандр Сяргееў вынес жанчыне афіцыйнае папярэджанне і таксама адмовіў у знаёмстве з дакументамі, якія сталі нагодаю для выкліку і вынясення папярэджання.

“Я лічу, што праваахоўныя органы не абараняюць законныя правы і свабоды грамадзянаў, а проста выкарыстоўваюцца невядомымі дзяржаўнымі структурамі дзеля аказання ўціску на людзей, якія адстойваюць свае грамадзянскія правы і правы сваіх сваякоў”, — падкрэсліла Каваленка.

Каваленка ўжо дзевяты год дамагаецца ад чыноўнікаў суду і пракуратуры адказу на наглядныя скаргі яе сына Ігара Каваленкі і яго адваката ў адпаведнасці з артыкулам 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Зараз Ігар Каваленка адбывае пакаранне ў адной з выпраўчых калоній краіны.