Грамадская актывістка Галіна Герасімава атрымала вуснае папярэджанне

Актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня у судах і пракуратуры Галіна Герасімава з горада Мазыр (Гомельская вобласць) атрымала вуснае папярэджанне за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання ад першага намесніка пракурора Гомельскай вобласці Вадзіма Сушчынскага.



prakuratura.jpg

Як паведаміла Герасімава карэспандэнту “НЧ”,  20 траўня тэкст папярэджання ёй зачытаў начальнік аддзела па ахове правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў Мазырскага раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандр Быкаў, які правёў з грамадскай актывісткай прафілактычную размову. “Пры гэтым спадар Быкаў звярнуў увагу на тое, што сваімі дзеяннямі грамадзяне замінаюць працы дзяржаўных устаноў. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо людзі прыязджаюць ў сталіцу і збіраюцца каля офісу таго ці іншага чыноўніка толькі ў прызначаны дзень асабістага прыёму грамадзянаў”, — падкрэсліла Герасімава.

Яна назвала пракурорскае папярэджанне своеасаблівай формай псіхалагічнага ўціску ўладаў за яе шматгадовую дзейнасць па адстойванню правоў свайго сына Андрэя, які адбывае пакаранне ў адной з калоній Беларусі і не можа атрымаць канкрэтныя адказы на свае пытанні ў наглядных скаргах, накіраваных у органы суду і пракуратуры.