БХД абяцае праводзіць талаку ў Курапатах кожнае камуністычнае свята

Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» 7 лістапада ў дзень чарговай гадавіны бальшавіцкага перавароту правялі супольна з сябрамі іншых арганізацый талаку ў Курапатах.



kurapaty1.jpg

«Мы будзем праводзіць падобныя акцыі ў гэтым беларускім мемарыяле кожнае дзяржаўнае свята з камуністычнымі каранямі, бо менавіта ў гэтыя дні часціня актаў вандалізму і распіцця алкаголю на месцах масавых пахаванняў узрастае ў разы. Грамадскі кантроль гэтыя выпадкі скарачае», — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Падчас акцыі актывісты прыбралі смецце з могілак, добраўпарадкавалі насаджэнні, а таксама знайшлі некалькі вырваных вандаламі крыжоў. На думку палітыка, акты вандалізму адбываюцца пры маўклівай згодзе беларускіх спецслужбаў.

«БХД з 2007 года пачала кампанію «Пакаянне». І ніякіх размоў з тымі, хто называецца камуністамі, мы прынцыпова не вялі. Гэта стала адной з прычынаў перайменавання Партыі камуністаў беларускай у Беларускую партыю левых «Справядлівы свет», у назве якой няма слова «камуністычная». Але, на жаль, мы сваю дзейнасць не давялі да канца, бо камуністычнай дзейнасці быць не павінна. Перайменаваннем быў здзейснены першы крок да пакаяння апазіцыйных камуністаў, але яно не завершана», — падае словы Рымашэўскага прэс-служба БХД.

«Няма розніцы, хто заяўляе пра падтрымку Сталіна ці Гітлера, — чалавек пры ўладзе ці ў апазіцыі, — ён аднолькава злачынца», — дадае палітык.