На Дзень незалежнасці ў 2014-м у Мінску рыхтаваўся тэракт
На Дзень незалежнасці ў 2014 годзе ў Мінску рыхтаваўся тэракт. Аднак хлопца з тратылам у заплечніку затрымалі міліцыянеры ў Бабруйску.
Гэтую сенсацыйную інфармацыю між іншым паведаміў 6 сакавіка тэлеканал "Беларусь 1" у "журналісцкім расследаванні", якое мае назву "Тэлефанаванне сябру".
Калі коратка, дык гэты фільм пра нядаўнія акцыі супраць дэкрэту аб дармаедах, маўляў, іх арганізавалі Мікалай Статкевіч і дзеячы з "Еўрапейскай Беларусі", каб скарыстаць людзей у сваіх мэтах. Што сімвал пратэстаў "кулак" — гэта "знак бяды", які раней адзначыўся падчас каляровых рэвалюцый у розных краінах свету. Былі скарыстаныя прыватныя тэлефонныя размовы Статкевіча. Палохалі тэлегледачоў анархістамі і "Правым сектарам".
"Анархісты засвоілі навыкі працы з выбуховымі рэчывамі і самаробнымі выбуховымі прыстасаваннямі, — гаворыцца ў фільме. — 3 ліпеня 2014 года ў Бабруйску быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Раманаў. Ён накіроўваўся ў Мінск на святкаванне Дня незалежнасці. У заплечніку ў Раманава знайшлі 150 грамаў тратылу. Не цяжка ўявіць, што адбылося б у натоўпе, калі б выбуховае рэчыва было выкарыстана па сваім прамым прызначэнні".
Раней пра гэта ніякай інфармацыі не было. Дэманстраваўся дакумент, з якога вынікае, што Сяргей Раманаў 1994 года нараджэння, ураджэнец Расіі, грамадзянін Беларусі, жыў і працаваў у Гомелі. Раней быў асуджаны. Як ён быў пакараны за здарэнне 2014 года, невядома.