Беларусь — небяспечная краіна для гей-падарожжаў

У рэйтынгу краінаў для гей-падарожжаў Index Gay Travel 2019 Беларусь заняла 137-е месца з 197 дзяржаваў і рэгіёнаў, піша Радыё Свабода.

9749d0aec69c88df5dd0b67b01db476c_xl.jpg

Кампанія Spartacus Travel склала чарговы рэйтынг стаўлення насельніцтва розных краінаў да ЛГБТ-супольнасці. Беларусь у ім заняла 137-е месца, што характарызуе краіну як небяспечную для гей-падарожжаў. На аналагічнай пазіцыі ў рэйтынгу аказаліся такія краіны, як Бахрэйн, Бурундзі, Грэнада, Гвіяна, Кот-д’Івуар, Аман, Парагвай і Сьера-Леонэ.
Варта адзначыць, што яшчэ год таму ў рэйтынгу за 2018 год Беларусь займала 121-е месца.
Трыма найбольш прыязнымі да прадстаўнікоў ЛГБТ краінамі, паводле рэйтынгу, з'яўляюцца Канада, Партугалія і Швецыя.
Найбольш небяспечныя краіны для ЛГБТ-падарожжаў — Чачня (займае апошняе, 197-е месца ў рэйтынгу), а таксама Самалі, Саудаўская Аравія і Іран, дзе, як адзначаюць аўтары рэйтынгу, «гомасексуалісты шырока пераследуюцца і знаходзяцца пад пагрозай смерці».
Сярод постсавецкіх краінаў самымі небяспечнымі для ЛГБТ-супольнасці лічацца Туркменістан (179-е месца), Узбекістан і Расія (159-е месца).
Сярод краінаў-суседак Беларусі лепшыя месцы ў рэйтынгу занялі Літва (57-е месца) і Латвія (68-е). Украіна ў спісе заняла 95-ю пазіцыю, Польшча — 83-ю.
Рэйтынг складзены з выкарыстаннем 14 крытэраў у 3 катэгорыях:
— грамадзянскія правы (ці дазволена геям і лесбіянкам браць шлюб і ўсынаўляць дзяцей, ці існуюць антыдыскрымінацыйныя законы, правы трансгендараў, ці аднолькавы ўзрост згоды прымяняецца як да гетэрасексуальных, так і да гомасексуальных параў);
— любыя віды дыскрымінацыі (рэлігійны ўплыў, абмежаванні на паездкі для ВІЧ-інфікаваных, анты-гей-законы, крымінальная адказнасць за гомасексуалізм, забарона гей-прайдаў, варожасць насельніцтва);
— што пагражае прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці (судовы пераслед, забойствы і смяротныя прысуды).
Радыё Свабода