Беларусь забараніла дронам лётаць над цэнтрам Мінску, Мінскім морам і тэрыторыяй над літоўскай АЭС

Міністэрства абароны ў пастанове, апублікаванай (PDF) 30 жніўня, пералічыла 22 месцы, забароненыя для выкарыстання авіямадэляў.



Згодна з ранейшым указам Лукашэнкі, авіямадэллю лічыцца «лётны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіраваны лятальны апарат». Пад такое азначэнне з невядомай прычыны не падпадаюць беспілотнікі, якімі можна кіраваць безь візуальнага кантакту, затое могуць падпасці любыя лятучыя рэчы — хоць папяровыя самалёцікі.

Сярод забароненых аб’ектаў восем вайсковых частак, прадпрыемства «Гроднаазот», Музей народнага побыту ў Белавежскай пушчы, частка Бярэзінскага запаведніка на захад ад спусцелай вёскі Цярэшкі, а таксама Астрашыцкі Гарадок пад Мінскам (там прынамсі ў мінулым годзе вучыўся Мікалай Лукашэнка).

Таксама ў спісе «бяздронавых зонаў» палі між вёскамі Рудня, Вынішчы і Бабовічы пад Слуцкам, якія на спадарожнікавым здымку 2016 году выглядаюць пустымі.


Чытайце таксама: У Беларусі зацвердзілі правілы выкарыстання авіямадэлей  
У спісе зонаў аказалася і тэрыторыя іншай дзяржавы: каардынаты кропкі, вакол якой забароненыя палёты ў радыюсе 10 км, паказваюць на Ігналінскую АЭС у Літве. Толькі пэўная частка зоны трапляе на тэрыторыю Беларусі (вёску Дырсвяты).

Цэнтр зоны радыюсам у 1 км (на загалоўным здымку) пазначаны ў двары дамоў насупраць Купалаўскага тэатру, у якую трапляе ўласна тэатр, рэзідэнцыя Лукашэнкі, стадыён Дынама, КДБ, Чырвоны касцёл, Кастрычніцкая плошча, амаль уся вуліца Карла Маркса, Траецкае прадмесце, парк Купалы і амаль увесь Парк Горкага.

Акрамя зонаў ёсць проста кропкі ў Мінску, радыюс дзеяння якіх не пазначаны: дарожныя развязкі ў Мінску каля «Дрымлэнда» (недалёка — Палац Незалежнасці), на скрыжаванні МКАД і Ціміразева, мост каля спартовай базы «Алімпіец» на Мінскім моры (каардынаты чамусьці пазначаныя двойчы як розныя аб’екты) і невялічкі востраў побач са Ждановічамі-1 (пусты на здымку 2016 году), кропка за царквой у Навінках і будынак у лесе каля Зацені (побач вайсковае мястэчка 137А).

Раней Саўміну было даручана дадаць адказнасць за парушэнне парадку выкарыстання авіямадэляў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, пастановы маюць з'явіцца неўзабаве.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: