Беларуская кампанія шукае маладога спецыяліста, але адмаўляе платнікам. Чаму?

Студэнт 4 курса тэхнічнай ВНУ атрымаў ужо дзве адмовы ў спробах знайсці працу. Прычына ў тым, што ён вучыцца на платным аддзяленні, распавядае dev.by.

ajtishniki_1200x800.jpg

Антон (імя зменена) спачатку знайшоў вакансію junior-распрацоўшчыка і напісаў рэкруцёру ў лінкедзіне. Але іх камунікацыя завяршылася вельмі хутка — калі стала зразумела, што Антон вучыцца платна.

Праз нейкі час да яго ў тэлеграм пагрукаўся іншы рэкруцёр, як малады чалавек зразумеў пазней, з той жа кампаніі. І зноў усё скончылася на пытанні пра форму навучання. Быць на бюджэце, як выявілася — «асноўнае патрабаванне».

Антон патлумачыў, што выбар вучыцца на платным аддзяленні быў усвядомленым: малады чалавек не хацеў адпрацоўваць па размеркаванні пасля ўніверсітэта. Дый знайсці першую працу ў ІТ у 2020-м — калі Антон паступаў — было не так складана, як цяпер.

У Антона за плячыма паўгода досведу працы на праекце: прыйшоў у фінтэх-кампанію на стажыроўку і застаўся да завяршэння праекта. Цяпер шукае іншую працу, але пакуль беспаспяхова. Ён можа ўжо і рады б прайсці працэдуру размеркавання, каб узялі працаваць у ІТ-кампанію, але прапаноў пакуль няма.

Выданне паспрабавала даведацца з першых рук, у чым інтарэс кампаніі браць «джуноў» на размеркаванне і чым платнікі не акей. Але, на жаль, рэкруцёрка, якая размясціла вакансію для студэнтаў, не адказала. Застаўся без адказу і ліст ад рэдакцыі на карпаратыўную пошту.

Тады журналісты папрасілі пракаментаваць сітуацыю Ксенію Лешык — TA/HR з больш як 6-гадовым досведам працы, у тым ліку і ў Беларусі.

Яна адзначыла, што сітуацыя, калі кампаніі шукаюць маладога спецыяліста на размеркаванне, для яе вельмі незвычайная: «Правільней будзе казаць, я ніколі раней не сутыкалася з такім. Калі я працавала на беларускім рынку, кампаніі наадварот насцярожана ставіліся да «распрэдаў», бо такога спецыяліста нельга будзе звольніць па выніках выпрабавальнага тэрмiну.

Магу дапусцiць, што менавіта цяпер кампаніі атрымліваюць ад такіх запытаў:

верагодна, гэта варыянт знайсці спецыяліста, які не будзе накіраваны на рэлакацыю цягам наступных некалькіх гадоў;

або, магчыма, кампаніі маюць нейкую квоту, куды яны павінны наняць спецыяліста з размеркаваннем, і каб ім не прыйшлося прымаць «каго дадуць», шукаюць праактыўна».


Глядзіце таксама

Нагадаем, месяц таму на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалі ад’езд каштоўных спецыялістаў. Там ішла гаворка пра падаўжэнне тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ, а яшчэ намер зрабіць адпрацоўку абавязковай не толькі для бюджэтнікаў, але і студэнтаў-платнікаў. Лукашэнка прапанаваў таксама павялічыць тэрмін адпрацоўкі — на нарадзе гаварылі пра 5 гадоў.

Намер рэжыму пайсці на такія крокі выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве, і праз нейкі час лукашэнкаўцы ад гэтай непапулярнай ідэі адмовіліся. Прынамсі, пакуль.