Беларускі чыноўнік: сціплы і прагрэсіўны. Якія гадзіннікі носяць «слугі народа»?

«Бацька купіў Патэк Філіп!» — некалькі гадоў таму журналісты заўважылі на руцэ ў Лукашэнкі гадзіннік за 15 тысяч еўра, і гэта стала крыніцай жартаў, мемаў і нават песень. З таго часу беларускія чыноўнікі сталі больш сціплымі, але ў той жа час яны аддаюць перавагу тэхнічнаму прагрэсу. Але не ўсе.

Фота з ВКонтакте

Фота з ВКонтакте

«Наша ніва» прыгледзелася да аксесуараў беларускіх «слуг народа» і падлічыла, колькі сярэдніх заробкаў давядзецца аддаць звычайнаму беларусу, каб купіць такія ж. На некаторыя з пазіцый прыйшлося б зарабляць амаль два гады.


Андрэй Савіных і гадзіннік ад Franck Muller

У розны час Андрэй Савіных займаў пасады сакратара пры амбасадзе ў Нідэрландах, намесніка пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе, быў паслом Беларусі ў Турцыі і Іраку, а цяпер працуе ў айчынным парламенце. Савіных добра адукаваны: скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а пазней атрымаў дыплом Брытанскага інстытута сертыфікаваных менеджараў у сферы фінансавага менеджменту і аналізу, таксама ён валодае дзвюма мовамі: англійскай і французскай.

Савіных сочыць за пасадкай касцюмаў і разбаўляе кансерватыўныя вобразы рознакаляровымі гальштукамі.

_ae1xd.jpg.jfif

Палітык актыўна вядзе старонкі ў сацыяльных сетках. На адной з фатаграфій i заўважылі люксавы гадзіннік мадэлі Cintrée Curvex Classic з 18-каратнага золата ад швейцарскага брэнда FRANCK MULLER.

Сёння такі каштуе 9450 еўра. Улічваючы сярэдні заробак у «моцнай і квітнеючай» — 1657 рублёў «чыстымі», — каб набыць такі аксесуар, звычайнаму беларусу спатрэбілася б адкладаць усе свае грошы цягам паўтара года.

_o59bi.jpg.jfif

Дзмітрый Баскаў і калекцыя швейцарскіх гадзіннікаў

Імя былога гендырэктара хакейнага клуба «Дынама» часта згадвалася ў прэсе ў 2020 годзе — пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Мяркуецца, што падчас канфлікту, які прывёў да трагедыі, чыноўнік знаходзіўся на Плошчы Перамен, што было выяўлена па білінгу яго тэлефона.

Баскава — цяпер сенатара — смела можна назваць самым вядомым метрасексуалам у чыноўніцкай браціі Лукашэнкі. Палітык і бізнесмен карэктуе форму броваў, сочыць за загарам і надае вялікую ўвагу свайму гардэробу. Ён носіць брэндавы абутак: напрыклад, макасіны знакамiтага італьянскага брэнда Louis Vuitton коштам 805 еўра.

_sb2g4.jpg.jfif

Калекцыя гадзiннiкаў палітыка таксама здзіўляе. У ёй сустракаецца мадэль Skeleton Chronograph з жоўтага золата ад элітнага швейцарскага брэнду ChronoSwiss Opus.

Кошт гэтага гадзінніка залежыць ад года выпуску і вар'іруецца ад 7 да 14,7 тысячы еўра. Калі беларус з сярэднім заробкам вырашыў бы набыць сабе такі, яму спатрэбілася б збіраць ад 14 месяцаў да 2,5 года.

_sp9j3.jpg.jfif

Яшчэ адзін швейцарскі гадзіннік Дзмітрыя Баскава належыць брэнду Ulysse Nardin.

Мадэль Diver Chronograph — верны кампаньён яхтсменаў і аматараў дайвінгу — са скураной папружкай сёння будзе каштаваць 11,5 тысячы еўра, або 23 сярэднія заробкі.

m_merged.png

Раман Галоўчанка і Huawei Watch 2 Classic

Прэм'ер-міністр Беларусі намагаецца не выдзяляцца з акружэння і імкнецца выглядаць як мага прасцей. Ён любіць шэрыя касцюмы, паласатыя кашулі і няяркія гальштукі.

Што да аксесуараў, то на некаторых мерапрыемствах Раман Галоўчанка з'яўляецца з простым для палітыка такога ўзроўню смарт-гадзіннікам Huawei Watch 2 Classic коштам каля 360 фунтаў (гэта 465 долараў).

m_merged__1_.png

Андрэй Хмель і Huawei Watch 2 Classic

Такую ж мадэль, як у Галоўчанкі, заўважылі і ў новага мэра Гродна (былога міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі) Андрэя Хмеля — ён таксама намагаецца не адставаць ад тэхнічнага прагрэсу i аддае перавагу кітайскаму гаджэту.

Іван Церцель і фітнес-бранзалет Xiaomi

Кіраўнік КДБ Іван Церцель аддае перавагу фітнес-бранзалету брэнду Xiaomi.

Каштуюць такія амаль 50 еўра — і гэта самы бюджэтны аксесуар у нашай падборцы. Купіць такі можа любы беларус з сярэднім прыбыткам.

mycollages141_lyr65.jpg.jfif

Юрый Караеў і «Луч»

Тры гады таму Юрый Караеў змяніў міліцэйскую форму на цывільную. У сваім новым жыцці экс-міністр унутраных спраў і цяперашнi інспектар па Гродзенскай вобласці носіць чорныя і цёмна-шэрыя касцюмы. Змрочныя вобразы палітык разбаўляе чырвонымі гальштукамі — менавіта ў іх ён з'яўляецца часцей за ўсё.

У адрозненне ад калег, у выбары аксесуараў Юрый Караеў аддае перавагу айчынным брэндам. Так, на руцэ чыноўніка бачны гадзіннiк мінскага завода «Луч» з лімітаванай калекцыі, прысвечанай 75-годдзю Перамогі. У гэтай лінейцы тры мадэлі — кожнай выпушчана ўсяго па 200 экзэмпляраў.

2_fbq85.jpg.jfif

Дызайн гэтага гадзінніка звязаны з гістарычнай тэхнікай ваенных гадоў: танкам T-34, грузавіком Studebaker US6 і знішчальнікам Supermarine Spitfire. Папружкі для яго ўручную выраблялі беларускiя рамеснікі, а на заднім вечку з нержавейкі можна разгледзець персанальны парадкавы нумар.

Каштуе такi гадзіннік 107 еўра, альбо чвэрць ад сярэдняга заробка — цалкам пад'ёмная сума для простага грамадзяніна.

34_vkqte.jpg.jfif

Ігар Брыло i Samsung Galaxy Watch Active 2

Былы міністр сельскай гаспадаркі і цяперашні памагаты Лукашэнкi па Віцебскай вобласці Ігар Брыло імкнецца выглядаць крэатыўна, але, відавочна, перабірае з акцэнтнымі дэталямі. Самая частая памылка чыноўніка — мiкс двух відаў палоскі, якія не спалучаюцца паміж сабой.

Ён дапаўняе свае смелыя лукі сціплым смарт-гадзіннікам Samsung Galaxy Watch Active 2. Актуальны кошт такога 284 даляры, або ўсяго толькі палова сярэдняга заробку.

_cfor6.jpg.jfif

Юрый Шулейка i «Аднастрэлачнік»

Губернатар Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка любіць прынтаваныя гальштукі. У яго калекцыі можна сустрэць аксесуары ў індыйскія «агуркі», далікатны гарошак і ромбік.

Але ж у выбары гадзінніка палітык больш стрыманы: у ліку нямногіх, Шулейка носіць гадзіннік мінскага завода «Луч». На яго руцэ можна заўважыць унісэкс-мадэль з калекцыі «Аднастрэлачнік» коштам 122 еўра. Беларус з сярэднім заробкам заробіць на такі гадзіннік за некалькі тыдняў.

_dcxv8.jpg.jfif


Глядзіце таксама