Беларускі фатограф Яўген Атцецкі выдасць кнігу пра «Плошчу Перамен»
Кніга дакументуе «храналогію першых месяцаў барацьбы» аднаго мінскага двара пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Як пішаЯўген Атцецкі ў сваім фэйсбуку, «гэта храналогія першых трох месяцаў барацьбы адной з самых вядомых у Беларусі дваровых супольнасцяў, якая сфармавалася на хвалі пратэстаў 2020. Гэта гісторыя суседзяў, якія вырашыліся выступіць супраць несправядлівасці: сфальсіфікаваных прэзідэнтскіх выбараў і нябачнага дагэтуль па маштабах узроўня гвалту з боку міліцыі».
У кнізе пра знакамітую «Плошчу Перамен» сабраныя 13 гісторый удзельнікаў і ўдзельніц тых падзей — жыхароў «ПП» і іх суседзяў, сведкаў таго жаху, які адбываўся ў мінскім дворыку на Чарвякова.
Аўтар кнігі адзначае, што гісторыя «Плошчы Перамен» для яго асабістая: ён быў адным з яе жыхароў, і таму лёсы Рамана Бандарэнкі, Сцяпана Латыпава і іншых герояў «ПП для яго не чужыя.
Кніга будзе выдадзена на дзвюх мовах — беларускай і англійскай. На выданне кнігі адкрыты краўдфандынг, і ўсе, хто жадаюць, могуць зрабіць перадзамову: аўтар абяцае дастаўку па ўсім свеце.