Беларускія памежнікі не паведамлялі літоўскім калегам аб смерці ўцекача на мяжы
Літоўскія памежнікі даведаліся пра інцыдэнт не ад сваіх беларускіх калег, а са СМІ.
«Літоўскія памежнікі даведаліся пра гэта, адсочваючы змест замежных СМІ і сацыяльных сетак», — сказаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Рокас Пукінскас, піша «Наша Ніва».
Нагадаем, прадстаўнік Памежнага камітэта Беларусі заявіў, што каля пункта пропуску ў Воранаўскім раёне знайшлі мужчыну «неславянскай знешнасці» ў цяжкім стане. Яму спрабавалі аказаць дапамогу, але ён памёр.
Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Першага» адрапартаваў, што расследаванне па справе знаходзіцца на кантролі ў Лукашэнкі. Праўладны тэлеграм-канал называе гэта «забойствам», пры гэтым інфармацыі, пра тое, ці заведзеная крымінальная справа, па якім артыкуле, і якія доказы сабралі праваахоўнікі, пакуль няма.
Адпаведна, кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленні беларускага боку «правакацыяй» і адзначыў, што такіх правакацыяў можа стаць больш. «Мы чакалі падобных правакацый беларускага рэжыму... Паведамленні былі падрыхтаваныя. Лукашэнка загадаў дапытаць сведак з мясцовых жыхароў, якія знайшлі мігранта. Потым паведамілі, што яго знайшлі памежнікі», — адзначыў Анушаўскас.