Карбалевіч: Беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны

Неўрэгуляванасць унутрыбеларускай праблемы выліваецца за межы Беларусі і спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бяспекі.


Беларусь, якая яшчэ нядаўна прэзентавала сябе донарам рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі, на вачах ператвараецца ў фактар росту міжнароднай напружанасці, піша ў сваім блогу на Радыё Свабода палітолаг Валер Карбалевіч.

Некалькі разрозненых фактаў толькі апошніх двух з паловай месяцаў.

  • Пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Мінску і затрыманне Рамана Пратасевіча.
  • Лукашэнка пагражаў перакрыць транзіт праз Беларусь тавараў тых краін, якія праводзяць недружалюбную палітыку адносна афіцыйнага Мінску.
  • Штучны міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, які абвастраецца. Лукашэнка паабяцаў, што хутка на тэрыторыі Літвы з’явяцца мігранты са зброяй. Літоўскія ўлады прынялі рашэнне вяртаць нелегальных мігрантаў у Беларусь.
  • Лукашэнка заявіў пра магчымасць размяшчэння расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.
  • Скандал са спартоўкай Крысцінай Ціманоўскай, якую за крытыку кіраўніцтва зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы паспрабавалі выслаць з Алімпіяды ў Токіа ў Мінск без яе згоды.
  • Кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова знайшлі павешаным у Кіеве.
  • Беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні ў верасні ўжо сёння выклікаюць напружанасць у рэгіёне.

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя факты? Што ў іх агульнага?

На мой погляд, яны сведчаць пра тое, што беларускі палітычны крызіс ператвараецца ў крызіс рэгіянальны. Неўрэгуляванасць унутрыбеларускай праблемы і нават яе абвастрэнне выліваецца за межы Беларусі, спараджае праблему рэгіянальнай і ўвогуле міжнароднай бяспекі. Гэта даўно ўжо не толькі гуманітарнае пытанне адной краіны. Беларусь, якая з 2014 па 2020 год прэзентавала сябе донарам рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі, на вачах ператвараецца ў фактар росту міжнароднай напружанасці.

Беларускі кейс абвастрае канфлікт паміж Расіяй і Захадам. Афіцыйны Мінск бяжыць тут паперадзе паравоза і фактычна ўцягвае Маскву ў новыя канфлікты з ЕС і ЗША. Беларусь становіцца чыннікам канфліктагеннасці расійска-заходніх адносін. Справа даходзіць да таго, што прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў вымушаны дэзавуяваць заявы Лукашэнкі.

Мяркую, міжнародная супольнасць недаацаніла пагрозу перарастання беларускага палітычнага крызісу ў міжнародную праблему. ЕС рэагаваў са спазненнем, нерашуча, спадзеючыся на вяртанне звыклага статус-кво.

А ў выніку ў цэнтры Еўропы з’явіўся ачаг дэстабілізацыі, які што далей, то болей пагражае міжнароднай бяспецы. І з гэтым трэба нешта рабіць.

Ці здольная міжнародная супольнасць на вырашэнне праблемы? Адказ пакуль невідавочны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: