БХД шырока адзначыць стагоддзе хрысціянскай дэмакратыі

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» плануе шматлікімі мерапрыемствамі і акцыямі адзначыць стогадовы юбілей стварэння хрысціянска-дэмакратычнага руху ў Беларусі.

20170110_120414_resized_logo.jpg


Пра гэта 10 студзеня паведамілі журналістам лідары БХД.
Па словах сустаршыні БХД Паўла Севярынца, самыя разнастайныя мерапрыемствы пройдуць па ўсёй краіне, а таксама па-за яе межамі.
«Год 2017-ты наскрозь юбілейны. Гэта 500 гадоў беларускай Бібліі, для пратэстантаў важная дата — 500 гадоў Рэфармацыі. Гэта стагоддзе дзвюх рэвалюцыяў — лютаўскай і кастрычніцкай. А для нас як для партыі найважнейшы юбілей — гэта стагоддзе БХД. Сто гадоў таму — 24-25 траўня 1917-га года ў будынку цяперашняга Кафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся з’езд ксяндзоў-беларусаў, які заснаваў Беларускую хрысціянска-дэмакратычную злучнасць, якая пазней была названа БХД. Мы бярэм не толькі гэтую дату, але цэлы год і ўшаноўваем памяць дзясяткаў заснавальнікаў і лідараў легендарнай беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а таксама хрысціянскіх дэмакратаў, якія адраджалі БХД ў 90-я гады», — сказаў Севярынец.  
Палітык распавёў, што з пяцідзесяці самых буйных асобаў у БХД 32 чалавекі прайшлі праз пекла ГУЛАГу, якія былі там закатаваныя, і 15 чалавек знішчылі нацысты. «У нас запланаваны мерапрыемствы па ўшанаванні памяці больш як у 60 гарадах і мястэчках Беларусі. Мы прапануем пад сто перайменаванняў вуліцаў — ад  Мінска да вёсак. Таксама мы плануем выданне дзвюх кніг, якія ўжо гатовы, — «Беларусая хрысціянская дэмакратыя» (220 старонак) і зборнік «Сто асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі» на 250 старонак. Таксама мяркуецца правядзенне шэрагу канферэнцыяў, юбілейнага з’езду і гэтак далей», — адзначыў Севярынец.
Яшчэ адзін сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што ўрачысты з’езд партыі запланаваны на 27 траўня бягучага году. «Пасля гэтага з’езду мы традыцыйна будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст, для нас гэта будзе чарговая спроба зрабіць тэст для беларускага рэжыма, для ўлады напярэдадні мясцовых выбараў, якія, як мы спадзяемся, могуць стаць сапраўды выбарамі. Апроч таго, мы будзем прапанаваць уладам распрацаваныя намі праекты рэформ медыцыны, адукацыі і судовай сістэмы», — сказаў Рымашэўскі.      
Сярод іншых юбілейных мерапрыемстваў — гістарычная канферэнцыя да 100-годдзя БХД у траўні, навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальная ідэя» 6 лістапада, святкаванне 100-годдзя газеты «Крыніца» 21 кастрычніка, канцэртны тур (з лютага па снежань), а таксама гістарычныя экскурсіі для вернікаў, святароў, сябраў і прыхільнікаў БХД у Мінску і 30 гарадах Беларусі (студзень-снежань).