«Беркут» збіў журналістаў «Белсату» ў Чаркасах
Здымачную групу «Белсату» — журналіста Юрася Высоцкага і аператара Сяргея Марчыка — збілі ды ўтрымлівалі ў Чаркасах (Украіна). У журналістаў забралі тэхніку і дакументы.

Юрася Высоцкага даставілі ў Сасноўскі РАУС. Сяргей Марчык са страсеннем мозгу трапіў у шпіталь на вуліцы Р. Люксембург 210. На калідорах у шпіталі ўвесь час была міліцыя. Сяргею больш як 4 гадзіны не зашывалі раны, моцна разбітая галава. Падчас акцыі Сяргей да апошняга працягваў здымаць, але ўсе здымкі забралі.
27.01.2014: Разгон Аўтамайдану ў Чаркасах
У Юрася, якога схапіла мясцовая міліцыя, праўдападобна, таксама страсенне мозгу, бо ён кепска пачуваецца, скардзіцца на кружэнне галавы. Яму адмаўляюць у медычнай дапамозе.
Сяргей і Юрась здымалі вялікі рэпартаж аб пратэстах і працы журналістаў, гэтак і аказаліся ў Чаркасах на акцыі Аўтамайдану.
Вось як пра акцыю ў Чаркасах піша ў сваім «Facebook’у» актывіст Мікалай Ляховіч: «Толькі што ў Чаркасах цітушкі падставілі Кіеўскі Аўтамайдан. Толькі
госці са сталіцы пачалі выходзіць з аўтамабіляў, дзясятак мясцовых, якія іх чакалі, кінуліся граміць Чаркаскую аблраду. ...Праз некалькі хвілінаў адзін з мясцовых даў каманду сваім, і яны ўсім
дзясяткам хутка пабеглі справа ад аблрады ў двары. Толькі цітушкі, замаскаваныя пад мясцовых актывістаў, схаваліся ў дварах, як з левага боку аблрады выскачыў «Беркут» і пачаў біць
усіх запар, хто стаяў на плошчы. Ёсць затрыманыя і траўмаваныя. Машыны аўтамайданаўцаў «Беркут» разбіў».
Паведамляюць, што пацярпелі таксама журналісты «Інтэру», «5 каналу» і мясцовай тэлевізіі.
Нашыя журналісты былі акрэдытаваныя як працаўнікі польскага тэлебачання TVP, структурнаю адзінкай якога ёсць «Белсат».