Міністр юстыцыі Украіны папярэдзіла пра ўвядзенне надзвычайнага становішча

Сілавы разгон мітынгоўцаў Еўрамайданаў міліцыяй і "цітушкамі" са збіццём і арыштамі адбыўся ў нядзелю 26 студзеня ў чатырох абласцях Украіны, паведамляе “Украінская праўда”.  



zzueuters.jpg

Разам з тым у дзесяці рэгіёнах мітынгоўцы яшчэ працягваюць утрымліваць абласныя дзяржаўныя адміністрацыі пад сваім кантролем: гэта Івана-Франкоўская, Львоўская, Луцкая, Чарнавіцкая, Тэрнопальская, Хмяльніцкая, Ровенская, Івана-Франкоўская, Жытомірская і Палтаўская вобласці.

Паколькі раней падобныя дзеянні праходзілі ў асноўным на захадзе краіны, то цяпер абласную дзяржадміністрацыю захопліваюць ужо амаль па ўсёй краіне. Гэта значыць, што ўкраінскі народ не падзелены ў гэтым пытанні, адзначыў нашаму радыё міжнародны палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Такая геаграфія азначае тое, што натуральнага расколу ва Украіне няма. Справа не ў супраціве 23 рэгіёнаў Украіны, а менавіта ў выступленні супраць Януковіча.

Удзельнікі Майдана ў Запарожжы ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны працягваюць мітынгаваць перад будынкам абласной адміністрацыі, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Віктара Януковіча і прадстаўнікоў мясцовай улады, у прыватнасці, старшыні Запарожскай абласной адміністрацыі Аляксандра Пяклушэнкі.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Міністр юстыцыі Украіны Алена Лукаш папярэджвае пра магчымасць увядзенне ў краіне надзвычайнага становішча. У тэлезвароце каналу «Интэр» у ноч на 27-га студзеня яна сказала, што накіруе адпаведную просьбу ў Савет нацыянальнай бяспекі, калі апазіцыйныя актывісты не вызваляць будынак Міністэрства юстыцыі:

— Я буду вымушана звярнуцца да прэзідэнта Украіны з прапановай прыпыніць перамовы, калі будынак Міністэрства юстыцыі не будзе неадкладна вызвалены і бакам не дадуць магчымасці мірна ўрэгуляваць канфлікт. Калі будынак Міністэрства юстыцыі не будзе вызвалены, я буду вымушана звярнуцца да сваіх калег — сябраў Рады нацыянальнай бяспекі і абароны з прапановай абмеркавання ўвядзення ў краіне надзвычайнага становішча. 

Каля 50 актывістаў руху "Агульная справа" праніклі ў будынак напярэдадні позна вечарам. Каля яго яны ўзвялі барыкады.

Ноччу лідар апазіцыйнай партыі “УДАР” Віталь Клічко пабываў у захопленым будынку і папрасіў актывістаў вызваліць яго, аднак тыя адмовіліся, паколькі лічыць урад Украіны не легітымным.

* * *

У Запарожжы сілавікі закідалі гранатамі і абстралялі мірную акцыю пратэсту пад сценамі абласной адміністрацыі, у час якой мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі дзеючай улады. Праз некалькі хвілін стала вядома, што на плошчы перад будынкам запарожскай адміністрацыі пачалася зачыстка.

А ўкраінская апазіцыя выставіла ўладам чарговы ўльтыматум, патрабуючы вызвалення актывістаў Еўрамайдану і затрыманых у час спробы захопу абласной дзяржаўнай адміністрацыі ў Чаркасах. Заяву штабу нацыянальнага супраціву абвясціў намеснік яго кіраўніка, дэпутат ад партыі “Бацькаўшчына” Сэргій Пашынскі:

— Мы ўжо не патрабуем, мы інфармуем Януковіча пра тое, што калі зараз не пачнецца працэдура вызвалення закладнікаў, то ўкраінскі народ сам будзе займацца антытэрарыстычнымі аперацыямі. Я персанальна звяртаюся да Пшонкі і Захарчанкі, што калі яны зараз не пачнуць працэс вызвалення актывістаў Еўрамайдану, то гэты працэс пачне ўкраінскі народ.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, на сённяшні дзень арыштавана 118 удзельнікаў акцый пратэсту ў Кіеве і 58 чалавек у Чаркасах. У часе перамоваў вызваліць усіх затрыманых паабяцаў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Каля 2 тысяч чалавек у Днепрапятроўску спрабуюць прарвацца да будынка абласной адміністрацыі. Як перадае УНІАН, ім супрацьстаяць міліцыянты і гэтак званыя “цітушкі” — правакатары ў цывільным.

У Сумах пратэстоўцы захапілі будынак Дома саветаў. Перадача будынка самаабароне прайшла мірна. Старшыня абласнога савета дэпутатаў Уладзімір Шульга заявіў міліцыянтам, што бярэ на сябе адказнасць за парадак у будынку.

Мітынгі ў падтрымку Майдана адбываюцца таксама ў Сімферопалі і ў Адэсе.

Пра Украіну ў час малітвы «Анёл Божы» згадаў сёння Папа Рымскі Францішак. «Агартаю малітвамі Украіну, улучна і тых, хто старціў сваё жыццё гэтымі днямі і іхныя сем’і. Жадаю, каб развіваўся канструктыўны дыялог між інстытуцыямі і грамадзянскай супольнасцю, каб, выключаючы любое выкарыстанне гвалтоўных дзеянняў, у сэрцы кожнага чалавека пераважаў дух міру і пошукаў супольнага дабра», — сказаў папа Францішак.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters