Брэйвік — 21 год, Аўтуховіч — 25. Параўналі максымальныя пакараньні ў Беларусі і Эўропе

Адразу адзначым, фантасмагарычныя пакараньні палітвязьням у Беларусі ні за што — справа для разгляду будучага трыбуналу па лукашэнкаўскім рэжыме. У гэтым матэрыяле мы разгледзелі найвялікшыя тэрміны, якія магчыма атрымаць у Эўрапейскіх краінах, уключна з пажыцьцёвым.

Створана з дапамогай midjourney

Створана з дапамогай midjourney

Напачатку зьвернемся да радзімы

Пазбаўленьне волі за асабліва цяжкія злачынствы, якія суправаджаюцца наўмысным пасягальніцтвам на жыцьцё чалавека, усталёўваецца на тэрмін не вышэйшы за 25 гадоў.

Распаўсюджаным таксама зьяўляецца і пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. Першы пажыцьцёвы тэрмін атрымаў асуджаны ў 1997 годзе. А вызваленьне магчымае толькі пасьля 25 гадоў пазбаўленьня волі. Але для гэтага асуджаны павінны на працягу 10 гадоў адсядзець без спагнаньняў з боку адміністрацыі для таго, каб камісія (па жаданьні асуджанага) разгледзела прашэньне аб пераводзе яго з асаблівага на строгі рэжым утрыманьня.

Што азначае без спагнаньняў? Мы з вамі ўжо шмат чулі аб зьдзеках у беларускіх вязьніцах, калі асуджаных за палітыку кідаюць у ШІЗА за нібы неахайны выгляд, няправільны адказ на пытаньне ката-супрацоўніка альбо проста так перад народзінамі. Прыкладаў безьліч, якія, на жаль, мы ўжо вывучылі.

Пасьля гэтага трэба адсядзець наступныя 10 гадоў на строгім рэжыме без спагнаньняў. Асуджаны мае права прасіць аб замене неадбытай часткі пакараньня пазбаўленьнем волі на 5 гадоў. Гэта таксама будзе разглядацца спецыяльнай камісіяй. Падчас адбыцьця пакараньня пры строгім рэжыме дазваляюцца дадатковыя спатканьні, шпацыры і пасылкі.

Адпаведна зьняволеныя, якія зараз адбываюць пажыцьцёвы прысуд, а такіх сёньня каля 160 чалавек, маюць шанец выйсьці не раней як праз 25 гадоў. Хтосьці з тых першых, хто атрымаў у 1997 годзе такое пакараньне, імаверна, могуць выйсьці ўжо ў нашым, 2022 годзе. Але ніякай інфармацыі аб такіх выпадках ня маецца.  

1_611.png

У Беларусі з пажыцьцёвым прысудам сядзяць у Жодзіне (вязьніца №8) і ў Глыбокім (папраўчая калёнія №13).

Красамоўнай падаецца калёнка галоўнага рэдактара прарэжымнага выданьня «Жодзінскія навіны» ў 2011 годзе. У ёй аўтар апісвае ўражаньні ад наведваньня вышэйзгаданай вязьніцы, дзе адбываўся працэс у дачыненьні да асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне чалавека за забойства. Асуджаны пасьля 10 гадоў падаў на разгляд магчымасьці пераводу на строгі рэжым. Ён атрымаў характарыстыку ад кіраўніцтва вязьніцы: «ураўнаважаны, самастойны, здольны пераадольваць цяжкасьці». Судьдзя прыняў рашэньне на карысьць асуджанага. Рэдактар жа выданьня разважае: «Сёньня яму 37 гадоў, а праз 15 гадоў мае шанец выйсьці на волю. На маё пытаньне, чаму вы аддалі б перавагу, расстрэлу альбо сьценам вязьніцы, адказаў: "Я жыць жадаю і спадзяюся выйсьці”». Далей пралукашэнкаўскі рэдактар прыходзіць да высновы, што «часу на раскаяньне ў пажыцьцёвых нямала, але хутчэй за ўсё ім ніколі не адмаліць сваіх грахоў». Вось такі тэалягічны спецыяліст узначальваў знакаміты СМІ. «Незразумела, чаму дзяржава павінна ўтрымліваць тэрарыстаў, маньякаў і педафілаў. Кошт утрыманьня аднаго такога пажыцьцёва асуджанага роўны каля 71 даляра ў месяц». Да якой высновы прыходзіць Людміла Курбанава, нескладана зразумець — усіх расстраляць.

4_469.png

Адзін з апошніх выпадкаў прысуду на 25 гадоў за сапраўдныя злачынствы: у ліпені 59-гадовага жыхара Магілёва прызналі вінаватым у забойстве свайго знаёмага, якога ён потым закапаў у лесе. Прычына ў 30 тысячах даляраў, якія не хацелася вяртаць. У выніку чвэрць стагодзьдзя за кратамі і штраф у памеры 6,4 тысячы рублёў.

А як у іншых?

Для пачатку паглядзім на Нарвэгію

Максімальнае пакараньне — тэрмін пазбаўленьня волі працягласьцю ў 21 год (менавіта столькі з 2011 году адбывае Андэрс Брэйвік). Звычайна зьняволеныя праводзяць у вязьніцы дзьве траціны гэтага тэрміну. І толькі адзінкі — больш чым 14 гадоў.

5_434.jpg

Цікавае правіла: зьняволены мае права на вызваленьне без нагляду на выходныя пасьля адбыцьця ўжо траціны пакараньня (альбо 7 гадоў, у выпадку з пажыцьцёвым). Атрымліваецца, што пасьля цяжкага злачынства вы можаце прапусьціць па піве з сябрамі ў бары праз не такі ўжо і вялікі час.

У надзвычайных выпадках можа выносіцца прысуд аб пазбаўленьні волі, які называецца «стрымліваньне». У такім выпадку зьняволены не можа быць вызвалены, калі ён лічыцца пагрозай для грамадзтва. У той жа час такі вязень карыстаецца разнастайнымі прывілеямі,  недасяжнымі для асуджаных, якія адбываюць звычайнае пазбаўленьне волі.

Адзіны прыклад у Нарвэгіі такога прысуду — акурат Андэрс Брэйвік. Гэта той самы, хто расстраляў у 2011 годзе 77 чалавек. У 2032 годзе ён выйдзе на волю альбо атрымае працяг пакараньня на 5 гадоў. Гэта будзе залежаць у дадзеным выпадку ад самога Брэйвіка. Ці стане ён на шлях выпраўленьня і ці пачне раскайвацца. Дададзім, што верагодны бонус у 5 гадоў можа выносіцца неабмежаваную колькасьць разоў.

Харватыя, Чарнагорыя, Сэрбія

У гэтых краінах адсутнічае норма пра пажыцьцёвае пакараньне, а максымальны тэрмін, які можа быць вынесены — гэта вельмі салідныя 40 гадоў.

Босьнія

У іншай балканскай краіне максымальны тэрмін яшчэ большы — 45 гадоў. Але вядома, што асуджаныя на такі тэрмін ніколі не праводзяць яго цалкам за кратамі. Зьняволеныя выходзяць пасьля 10-20 гадоў «за добрыя паводзіны».

Ісляндыя

У краіне лёду адсутнічае не толькі сьмяротнае, але і пажыцьцёвае пакараньне. А максымальны тэрмін, які можа атрымаць злачынца — 20 гадоў.

Ватыкан

Пасьля рэформы, зробленай Папам Францішкам, максымальны тэрмін зьняволеньня ўсталяваны на ўзроўні 35 гадоў. Але нават калі нехта некалі і будзе асуджаны да такога пакараньня, адбываць свой тэрмін чалавек будзе ў адной зь вязьніцаў Італіі, бо ў Ватыкане няма спэцыяльных месцаў для доўгатэрміновага зьняволеньня. Калі вы ўвогуле зьдзівіліся, што ў Ватыкане ёсьць суд і злачынцы, гэта тлумачыцца вельмі проста. На працягу году ў гэтай дзяржаве адбываюцца тысячы злачынстваў. Крадзяжы, падробка дакумэнтаў — самае распаўсюджанае. І калі злачынца пасьпеў перасекчы некалькі вуліцаў і трапіць у Італію, судзіць яго будуць ужо там. 35 гадоў можа атрымаць той, хто зробіць спробу замаху на Пантыфіка. У мінулым годзе Трыбунал Ватыкана вынес вырак у адносінах да былога дырэктара банку Сьвятога Пасада Анджэла Калоя. За адмываньне грошаў і крадзяжы ён атрымаў 8 гадоў і адзінаццаць месяцаў.

Анджэла Калоя

Анджэла Калоя

Бэльгія

У краіне выносіцца прысуд у выглядзе пажыцьцёвага зьняволеньня. Аднак на практыцы ўжо пасьля 10 гадоў асуджаны можа быць вызвалены (калі гэта быў не рэцыдывіст). На сёньня каля 700 чалавек пакараныя такім прысудам. Максымальны тэрмін зьняволеньня роўны 30 гадам.

3_502.jpg

Вялікая Брытанія

У гэтай краіне ёсьць два віды пажыцьцёвага зьняволеньня: з правам і без права на памілаваньне. У першым выпадку зьняволены ўжо праз 6 гадоў мае права прасіць аб памілаваньні. Калі справа скончылася няўдала, можна паўтарыць праз два гады і так бясконца. Без права на памілаваньне прысудаў амаль не выносіцца. Правам памілаваць валодае толькі манарх і прэм’ер-міністар. Каля 50 чалавек адбываюць зараз гэты тэрмін.

У якасьці яскравага прыкладу судовай сістэмы каралеўства можна прывесьці наступную справу. Ян Маклоглін, які быў асуджаны за забойства дваіх чалавек, быў часова выпушчаны на адзін дзень зь вязьніцы. За гэты дзень ён забіў 66-гадовага мужчыну. За злачынства Маклоглін атрымаў 40 гадоў пазбаўленьня волі.

Нямеччына

У гэтай краіне пры вынясеньні пажыцьцёвага прысуду прыйдзецца чакаць прынамсі 15 гадоў да магчымасьці вызваленьня. Нямецкі канстытуцыйны суд вырашыў, што пажыцьцёвае зьняволеньне без опцыі вызваленьня наўпрост супярэчыць прынцыпу чалавечай годнасьці. Гэта не азначае, што любы асуджаны можа быць вызвалены, але ў кожнага зьняволенага павінен быць рэальны шанец на гэта, пры ўмове, што ён больш не разглядаецца як небясьпечны.

У выпадках, калі асуджаны ўяўляе сапраўдную небясьпеку для грамадзтва, пакараньне можа ўключаць у сябе пастанову аб «прэвентыўным арышце». Гэта разглядаецца не як пакараньне, але як абарона грамадзтва. Прэвентыўны арышт працягваецца кожныя два гады, пакуль не будзе прызнана, што ўчыненьне асуджаным новых злачынстваў малаверагоднае. З 2006 году суды могуць прызначаць дадзеную норму, калі небясьпека, якую можа несьці злачынца пасьля вызваленьня, становіцца зразумелай толькі падчас яго пазбаўленьня волі.

Польшча

На захад ад Буга пажыцьцёвае пазбаўленьне волі ўжываецца ў асноўным за асабліва цяжкія злачынствы: генацыд, забойства, замах на канстытуцыйны лад і некаторыя іншыя. Зьняволеныя павінны адбыць прынамсі 25 гадоў, перш чым будзе разглядацца магчымасьць вызваленьня. Істотная дэталь: падчас судовага працэсу суд можа прапісаць больш высокі мінімальны тэрмін, чым 25 гадоў. Гэта могуць быць 40 ці нават 50 гадоў. Разам з тым суд ня можа цалкам пазбавіць асуджанага магчымасьці вызваленьня, а таксама прапісваць такі тэрмін, які зробіць вызваленьне немагчымым.

На гэты момант у польскіх вязьніцах знаходзяцца прыблізна 200 чалавек, якія адбываюць пажыцьцёвы тэрмін. Кожны зь іх за забойства.

Літва

У нашых суседзяў ёсьць прысуд на пажыцьцёвае пазбаўленьне волі. З 2008 году дзейнічае папраўка ў крымінальны кодэкс, якая дае магчымасьць прасіць аб памілаваньні пасьля 25 гадоў за кратамі. Каля 100 чалавек сёньня чакае, калі гэтыя чвэрць стагодзьдзя прамінуць.

Латвія

У іншай балтыйскай краіне дзейнічаюць такія ж правілы — неабходна адбыць прынамсі 25 гадоў, у выпадку пажыцьцёвага зьняволеньня.

Расея

У краіне з тэрарыстычным урадам (па прызнаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы) існуе норма, паводле якой асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня можа выйсьці ўмоўна-датэрмінова, калі судом будзе прызнана, што асоба ня мае патрэбы ў далейшым адбываньні пакараньня і тэрмін за кратамі перавысіў 25 гадоў. Такіх выпадкаў яшчэ невядома. На сёньня пажыцьцёвае зьняволеньне адбываюць амаль 2000 тысячы чалавек у Расеі. Хаця гэтая колькасьць можа і значна зьменшыцца праз магчымасьць для зняволеных ісьці і зноў забіваць людзей ва Ўкраіне.

Гішпанія

Да 2015 году максымальны тэрмін зьняволеньня складаў 30 гадоў. Сёньня прадугледжваецца і пажыцьцёвае пазбаўленьне волі за сур’ёзныя злачынствы, такія, як забойства, тэракт, генацыд. Зараз, каб атрымаць магчымасьць вызваліцца раней за канец жыцьця, неабходна правесьці ад 25 да 35 гадоў за кратамі.

Італія

Пажыцьцёвае зьняволеньне тут не азначае, што яно да скону жыцьця. Пасьля 10 гадоў пазбаўленьня волі (альбо нават 8 у выпадку добрых паводзінаў) асуджанаму можа быць дадзены дазвол працаваць па-за межамі вязьніцы на працягу дня або нават правесьці вакацыі дома — 45 дзён у годзе. Гучыць фантастычна.

Пасьля 26 гадоў пазбаўленьня волі (ці 21 у выпадку добрых паводзінаў) асуджаны да пажыцьцёвага пакараньня можа быць вызвалены. Істотная дэталь: зьняволеныя за любую дзейнасьць у мафіі ці за тэрарызм не могуць гэтым скарыстацца.

Нідэрлянды

У гэтай краіне сьмяротнае пакараньне адмянілі яшчэ ў 1878 годзе. Адначасова з гэтым пажыцьцёвае пазбаўленьне волі амаль заўжды літаральна і значыць, што асуджаны правядзе ўсё жыцьцё за кратамі. Ніякага тэрміну, пасьля якога можа быць прадугледжанае памілаваньне, няма. Адзіны шанец — гэта апэляцыя, якая падаецца каралю Нідэрляндаў. Але і тут вельмі змрочна. Лепш не трапляць на пажыцьцёвае ў гэтай краіне: з 1940 году памілаваньне атрымалі толькі 2 чалавекі. Прыблізна адзін выпадак на кожныя 40 гадоў.