«Брэнд Беларусі — сам беларус»: Севярын Квяткоўскі пра нацыю і нацыяналізм

Як трансфармуюцца паняцці «нацыя» і «нацыяналізм» для беларусаў у кантэксце сучасных абставін эміграцыі і функцыянавання рэжыму, разважае журналіст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі ў тэксце на «Беларускае Радыё Рацыя»

Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі


У Японіі скандал — на агульнанацыянальным конкурсе прыгажосці перамагла ўкраінка. Прыёмны бацька японец, з пяці гадоў гадавалася як японка, а скандал у тым, што, маўляў, яна несапраўдная японка, бо не мае ні японскай крыві, ні японскага месца нараджэння.

Калі прачытаў навіну, адразу падумаў пра Уладзіміра Мулявіна. Калі б у Беларусі ў 1970-х гадах панавала канцэпцыя абарончага нацыяналізму, не было б у нас Уладзіміра Мулявіна з «Песнярамі». За тое не было б і такой ступені русіфікацыі, якую атрымалі.

Падумаў пра сотні, калі не тысячы, людзей з расійскімі ды іншымі не беларускім каранямі, якія ў свой час сталі актывістамі Беларускага Народнага Фронту і наогул руху беларускага Адраджэння.

Японцам рэспект — факт абрання не японкі пераможцай у прэстыжным нацыянальным конкурсе гаворыць пра тое, што самая закрытая нацыя свету рушыць у правільным кірунку.

Парадокс Японіі ў тым, што тэхналагічна жывучы ўжо ў ХХІІ стагоддзі, ментальна там усё яшчэ шмат хто спавядае абарончы нацыяналізм, уласцівы ХІХ-му.

Глядзіце таксама

У самім слове «абарончы» закладзена тлумачэнне. Дзякуючы абарончаму нацыяналізму выжылі пад трывалым ціскам розных імперый нешматлюдныя нацыі. Напрыклад, нашыя суседзі з краін Балтыі, альбо тэрытарыяльна аддаленыя, але няблага знаёмыя беларусам народы Каўказу.

З аднаго боку, апеляванне да агульнай крыві ратуе ад паглынання большымі па памерах суседзямі, з іншага — не дае развівацца, бо ў сучасным свеце толькі сваімі рэсурсамі ўсе патрэбы не рэалізуеш.

На фоне сказанага вышэй унікальнай выглядае беларуская сітуацыя.

Цяпер, калі ўзнялася вялікая хваля вымушанай беларускай эміграцыі, пры ўсёй сваёй масавай рускамоўнасці беларусы за мяжой застаюцца беларусамі. Гаворка пра асаблівасці менталітэту з культам адказнасці, выканання правіл, а цяпер яшчэ фактычна культам узаемадапамогі, апагей якога адбыўся ў другой палове 2020 году.

Брэнд Беларусі — сам беларус.

Далей болей — можна быць беларусам, не дэкларуючы, якіх ты крывей.

Беларус — гэта ўжо наднацыянальнае паняцце, бліжэй да філасофіі на практыцы, да вучэння, да шляху. Магчыма, слову «нацыя» ў ХХІ стагоддзі трэба ствараць замену, сыходзячы з новых рэалій.

Быць беларусам у першым пакаленні — гэта ўжо не жарт.

Як і «прыняць у беларусы» — неўзабаве можа стаць рэальнасцю.

Нас, і ў Беларусі, і за мяжой на нейкі час пазбавілі сваёй дзяржавы, таму мы можам хутчэй за іншых скокнуць вышэй за дзяржаву.

Глядзіце таксама