
Юлія Міцкевіч нядаўна была вызваленая пасля 15 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Арышт яна адбывала разам з філосафкай Вольгай Шпарагай. Жанчыны з’яўляюцца су-каардынатаркамі Фемгрупы ў Каардынацыйнай радзе. Вольга пасля вызвалення пакінула Беларусь з-за пагрозы паўторнага арышту. А Юлія цяпер закрывае свой адукацыйны цэнтр, паведамляе Reform.by.
«У сувязі з пагрозай быць абвінавачанымі ў экстрэмізме Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “АБФ”, дзе я з’яўляюся дырэктаркай, спыняе сваю дзейнасць» — напісала Юлія Міцкевіч у Facebook увечары 27 кастрычніка.
Па словах Юліі, падчас затрымання і арышту сілавікі не раз «гутарылі» з ёй і спрабавалі аказаць ціск. Спачатку яе распытвалі аб дзейнасці Фемгрупы Каардынацыйнай рады, а затым сталі раскручваць тэму таго, што яе цэнтр АБФ звязаны з арганізацыяй жаночых пратэстных маршаў у Мінску. Такія гутаркі з Юліяй, паводле яе слоў, праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК некалькі разоў, ясна даючы зразумець, што цэнтр могуць уцягнуць у крымінальную справу аб арганізацыі масавых беспарадкаў.
«Я закрываю цэнтр у першую чаргу дзеля бяспекі валанцёраў і выкладчыкаў, таму што не хачу, каб ні ў чым не вінаватыя людзі пацярпелі», — сказала Юлія Міцкевіч.
Цэнтр АБФ, як гаворыцца на яго сайце, з’яўляецца першай у Беларусі «арганізацыяй сучаснай народнай адукацыі». Ён займаўся нефармальнай адукацыяй для дарослых, у асноўным па гендарнай, антыдыскрымінацыйнай тэматыцы і да т.п., у першую чаргу выкарыстоўваў метад навучальных «шведскіх» гурткоў, у аснове якога ляжыць прынцып «роўны навучае роўнага».