«Паеду за мяжу, хоць і не хочацца»: што кажуць адлічаныя студэнты БНТУ
29 кастрычніка ў сеціва трапіў спіс з 52 студэнтаў БНТУ, якім трэба з'явіцца ў рэктарат і азнаёміцца з загадам аб сваім адлічэнні. Усе студэнты са спіса былі затрыманыя падчас акцый пратэсту ў панядзелак, 26 кастрычніка, паведамляе «Еўрарадыё».
У рэктараце хлопцаў чакалі не толькі загады аб адлічэнні, але і позвы ў ваенкамат. Студэнты расказалі Еўрарадыё, як іх адлічвалі, на якое чысло выпісана найбліжэйшая позва і што яны плануюць рабіць далей.
— Калі я даведаўся, што ў рэктараце ўсіх адлічваюць ды яшчэ выдаюць позву, вырашыў наогул туды не прыходзіць. Некаторыя іншыя студэнты зрабілі гэтаксама, — расказвае адзін са студэнтаў. — Мае бацькі пазней забяруць дакументы па даверанасці. У найбліжэйшы час я выязджаю за мяжу.
Некаторыя студэнты атрымалі позвы ў ваенкамат з заўтрашняй датай.
Чацвёртакурснік БНТУ "са спіса" дадае, што ў рэктараце студэнтаў проста ставілі перад фактам адлічэння. Афіцыйная прычына — сістэматычнае парушэнне навучальнай дысцыпліны.
— У маім выпадку ўсё пачалося яшчэ 1 верасня. Тады мяне затрымалі на акцыі студэнтаў і закрылі на 10 сутак. Таксама я ўдзельнічаў у акцыі 26 кастрычніка. Адлічылі сёння ўсіх, каго затрымлівалі ў панядзелак, усіх актывістаў ВНУ, — расказвае чацвёртакурснік. — Я позвы не баяўся, бо ў мяне ёсць ваенны білет. Але пры мне позвы давалі ў рукі іншым студэнтам.
— А што далей плануеце рабіць?
— Мне заставалася давучыцца ўсяго год. Цяпер — не ведаю. Магчыма, паеду за мяжу, хоць і не хочацца з'язджаць і пакідаць усё так. А загады будзем абскарджваць. Нас падтрымліваюць студэнты і некаторыя выкладчыкі.
Хваля адлічэнняў ва ўніверсітэтах, відавочна, звязана з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі 27 кастрычніка:
— Хто выйшаў у парушэнне закона на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу.