«Ці будзе матылёк жыць?» Жыхара Гродна пакаралі 3,5 гадамі калоніі за «заклікі да тэрарызму»

На 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі Леаніда Герасімлюка за заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь праз інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК РБ). Такое рашэнне вынес суддзя Гродзенскага абласнога суда Уладзімір Яўхута 16 жніўня. У той жа дзень Леанід Герасімлюк прамовіў апошняе слова, а 11 жніўня адбыліся спрэчкі бакоў. «Вясна» распавяла пра гэтую крымінальную справу.

gerasimliuk_01.jpg

Судовы працэс над 29-гадовым Леанідам Герасімлюком пачаўся 6 ліпеня. Публічныя заклікі да захопу ўлады і актаў тэрарызму Леанід нібыта публікаваў у кастрычніку-лістападзе 2020 года праз паведамленні-каментары ў адным з гродненскіх чатаў. Сваёй віны ён не прызнаў:

«Не ведаю, хто напісаў за мяне некаторыя паведамленні, тэлефонам маглі скарыстацца іншыя людзі, таксама і з майго акаўнта ў ранейшым прададзеным тэлефоне», — сказаў Леанід на пачатку судовага працэсу па яго справе.

Паводле абвінавачання, Герасімлюк размясціў у тэлеграм-канале заклікі да:

- здзяйснення актаў тэрарызму і іншых дзеянняў у шкоду бяспецы РБ;

- стварэння ўзброеных фарміраванняў, масавых беспарадкаў,

- грубага парушэння грамадскага парадку, спалучанага з грубым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўніка дзяржаўнай улады;

- збору ўдзельнікаў парушэння грамадскага парадку, каардынацыі і процідзеяння прадстаўнікоў улады і здзяйснення розных злачынстваў;

- няплаты камунальных плацяжоў у шкоду эканоміцы РБ.

Спачатку з тэлеграм-канала былі выбраны 32 каментары, але затым следчы адфільтраваў 16 з іх — што і было прапанавана ў якасці абвінавачання. Па іх правялі судовыя экспертызы, у тым ліку праз гэта ў працэсе пасля 13 чэрвеня быў абвешчаны месячны перапынак — эксперт знаходзіўся ў адпачынку. Вынікі псіхолага-лінгвістычнай экспертызы абвясцілі 11 жніўня: з 16 паведамленняў толькі ў трох было знойдзена негатыўнае стаўленне да супрацоўнікаў міліцыі па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. І толькі ў адным паведамленні ўгледзелі заахвочвальны характар.

У той жа дзень, 11 жніўня, Леанід Герасімлюк хадайнічаў пра выклік у суд у якасці сведак супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія яго затрымлівалі, а таксама супрацоўніка АМАПа Палуэртава. Герасімлюк растлумачыў, што пры затрыманні 25 лютага 2021 года яго насамрэч збілі. Акрамя таго, абвінавачаны прасіў выклікаць у суд і 7 сведак, якія аказвалі, паводле яго слоў, ціск на яго маці.

Нядаўна маці Герасімлюка перанесла інсульт, была выпісаная з абласной лякарні і накіраваная ў Гродзенскі абласны цэнтр рэабілітацыі. Дзяржабвінаваўца Анжаліка Клішына была супраць, і суддзя, пастанавіўшы, што падстаў для іх выкліку няма, адхіліў хадайніцтва і перайшоў да спрэчак бакоў. Там дзяржабвінаваўца адзначыла, што падчас затрымання Герасімлюка гвалт у дачыненні да яго не ўжываўся (толькі загін рукі), і запатрабавала для яго 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пазіцыя абароны

Абарона Герасімлюка ў спрэчках бакоў адзначыла:

«Высокі суд, з некалькімі каментарамі, напісанымі ў адным з тэлеграм-каналаў, сярод сотні тысяч іншых каментароў, я ніяк не магу суаднесці такія сур'ёзныя, з майго пункту гледжання, паняцці, як нацыянальная бяспека, канстытуцыйныя асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, стабільнасць палітычнай і эканамічнай сістэмы […]. Дзяржава, якая знаходзіцца па памеры тэрыторыі і колькасці насельніцтва ў першай сотні дзяржаў свету. Дзяржава, якая ўваходзіць у заснавальнікі ААН. Якая валодае войскам — па вайсковай моцы Беларусь займае 50-е месца […]. Дзяржава, якая валодае магутным сілавым апаратам: паводле даных ААН, на 100 тысяч насельніцтва ў Беларусі прыпадае 1442 сілавікоў […]  Рэспубліка Беларусь займае другое месца па колькасці дзяржслужбоўцаў на душу насельніцтва з краін былога СССР. І вось усяму гэтаму, на думку дзяржабвінавачвання, супрацьстаяць каментары сталяра-станочніка […]. Тэксты, якія дапускаюць розныя тлумачэнні і інтэрпрэтацыі… Які з гэтых тэкстаў [каментароў-паведамленняў] да чаго заклікае — застаецца незразумелым. Гэта сведчыць пра неканкрэтнасць абвінавачання і парушэнне права на абарону: бо чалавек мае права ведаць, у чым канкрэтна ён абвінавачваецца».

На падставе чаго абвінавачанне паказвае, што гэтыя паведамленні былі напісаныя з мэтай нанясення шкоды РБ? Бо яны маглі мець і іншыя мэты. Абарона спаслалася на навукова-практычныя каментары да Крымінальнага кодэкса РБ, у якіх гаворыцца:

«Публічныя заклікі, звернутыя да грамадзян з мэтай выказвання пратэсту супраць палітыкі, якая праводзіцца ўладай, патрабаванні да адстаўкі службовых асоб з прычыны іх нездавальняючых дзеянняў не маюць складу разглядаемага злачынства, паколькі іх мэтай з'яўляецца не захоп улады, а выказванне канстытуцыйных патрабаванняў да ўлады ў форме пратэсту».

Таксама абарона паставіла пытанне пра тое, ці законна выкарыстоўваць высновы судовых экспертыз каментароў Герасімлюка ў якасці доказаў. Рэч у тым, што, паводле КПК, яны павінны быць праведзены падчас папярэдняга следства або па пастанове суда. Аднак усе экспертызы, якія гучалі ў судовым працэсе, былі зроблены па-за межамі гэтых перыядаў.

Акрамя таго, некаторыя размешчаныя каментары наогул не супадаюць з выхадамі ў інтэрнэт Герасімлюком — таму няма падстаў гаварыць, што ён іх публікаваў.

Непрымальным з'яўляецца таксама той факт, што пры затрыманні Герасімлюка падчас яго допыту і агляду тэлефона ў кабінеце прысутнічалі чатыры амапаўцы.

Усё гэта паказвае на тое, што Леаніда Герасімлюка варта апраўдаць.

Апошняе слова Леаніда Герасімлюка, якое ён прамовіў 16 жніўня

«Высокі суд, мяне вінавацяць у акце тэрарызму. Я законапаслухмяны грамадзянін, мяне выхавала ўсё грамадства і мае родныя. У войску я даведаўся, што такое гонар і годнасць. І ў мяне ёсць годнасць пераносіць нягоды і пазбаўленні, я ведаю, што такое гонар мундзіра, у мяне ёсць адукацыя, праца і ўласнае меркаванне. Я ведаю шмат законаў — і аніводнага з іх не парушыў. Мяне хочуць прыраўняць і змясціць да забойцаў [неразб.] у іх кампанію [неразб.]. Мяне затрымалі па беззаконні, справа шытая белымі ніткамі — і за гэта 4 гады зняволення? Папера стрывае ўсё, а я гэта не забуду і не прабачу. Паглядзіце фільм "Стрэл у пустэчу" — і зразумееце, як вы мяне выправіце. [неразб.] Вы караеце гэтым чынам не мяне, а маю сям'ю, якая ўжо багата адпакутавала. І калі гэта спусціць з рук людзям, у якіх у адзін момант былі развязаны рукі, і ўсё сышло на нішто — [яны] ужо заўсёды будуць такімі. [неразб.]

Мая падзяка майму абаронцу, маёй сям'і, маім блізкім людзям, якія мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць увесь час. Нізкі вам паклон. Я сэрцам заўсёды з вамі.

Закон не можа працаваць напалову… Закон павінен працаваць цалкам, ад А і да Я.

Ваша чэсць, вось мой зварот да вас у апошнім слове. Жыў-быў адзін мудрэц. Ён ведаў адказы на ўсе пытанні. З'явіўся адзін мужык, які вырашыў узяць і аспрэчыць мудраца. Мужык злавіў у далоні матылька і прыйшоў да мудраца з такім пытаннем: "Вось глядзі, мудрэц, у мяне ў далонях сядзіць матылёк, і калі я закрыю далоні, то матылёк памрэ. Калі раскрыю далоні — матылёк паляціць і будзе жыць. Адкажы: ці будзе матылёк жыць?" Падумаў мудрэц і адказаў: "Усё ў тваіх руках: і жыццё, і лёс у іх таксама". Ваша чэсць, усё ў вашых руках: і жыццё маё, і лёс таксама. У мяне ўсё».