Ціск на жыхароў Новай Баравой працягваецца
Чарговымі «суткамі» за сардэчкі на вокнах пакаралі мінчука.
Суддзя Мінскага раёна Вадзім Казей 3 траўня разглядзеў справу 48-гадовага Дзмітрыя Перадня, якога затрымалі 1 траўня ў сваёй кватэры.
Затрыманне адбылося каля 21:30 на вачах 7-гадовага дзіцяці пасля агляду кватэры. Супраць Дзмітрыя быў складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП за пікетаванне шасцю сардэчкамі, вывешанымі на вокнах у двух пакоях.
Паводле слоў мужчыны, сардэчкі вывесілі да Дня ўсіх закаханых. Пасля агляду супрацоўнікі міліцыі самастойна знялі сардэчкі з вокнаў, а самому Дзмітрыю прапанавалі праехаць з імі ў РАУС.
На судзе Дзмітрый дадаў, што цяпер праходзіць курс лячэння, з-за чаго вымушаны пастаянна прымаць лекі. У выніку, суддзя Вадзім Казей асудзіў Перадня на 10 сутак.
Таксама суддзя Казей правёў мінімум два судовых працэсы падчас абеду, таму валанцёры не змаглі трапіць на працэс да Наталлі Сляпцовай, Зотава Н. У. і Хамені І. А., якіх арыштавалі па арт. 24.23 КаАП на 12 сутак.