У Літве кажуць пра ўсплёск нелегальнай міграцыі праз мяжу з Беларуссю

Пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пагаршэння стасункаў Літвы з рэжымам Лукашэнкі літоўскія памежнікі затрымліваюць усё больш нелегальных мігрантаў. Пра гэта паведамляе «Delfi».

dieveniskese_pasienieciai_sulaike_septynis_uzsieniecius_kurie_bande_pr_85731661.jpg

Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у першым квартале 2021 года дзяржмяжу незаконна перасеклі 90 нелегальных мігрантаў, хаця за той жа перыяд 2020 года іх было ўсяго пяць. Асноўную частку гэтых мігрантаў склалі грамадзяне Ірака — 59 чалавек. Іх маршрут быў такім: іракцы прыбываюць на самалёце ў Мінск наўпрост з Ірака, з Мінска далей на аўтамабілі рухаюцца да літоўскай мяжы. Пасля пераходу дзяржаўнай мяжы і затрымання літоўскімі памежнікамі яны падаюць просьбу аб прадастаўленні прытулку, хоць часцей за ўсё мэтай іх паездкі з’яўляюцца іншыя краіны Еўрасаюза.

Фіксуюцца таксама выпадкі, калі самі беларусы выбіраюць незаконны шлях прыбыцця ў Літву, ратуючыся ад рэпрэсій. У Літве яны спадзяюцца атрымаць прытулак і гуманітарную дапамогу.

Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс сцвярджае, што праца беларускай памежнай службы пры расследаванні памежных інцыдэнтаў стала больш млявай. Паводле яго, бываюць выпадкі, калі літоўскія памежнікі фіксуюць парушэнні і затрымліваюць парушальнікаў, а беларускія службовыя асобы адмаўляюцца сустракацца.

«Пасля атрымання адмовы літоўскі бок падае доказы незаконнага перасячэння мяжы ў пісьмовай форме, якія ведамствы суседняй краіны не прызнаюць і патрабуюць дадатковых доказаў. Пасля перадачы дадатковых доказаў і нават пасля звароту да галоўнага ўпаўнаважанага па дзяржаўнай мяжы факты перасячэння мяжы або не прызнаюць, або няма рэакцыі на іх», — заявіў Мішуціс.

Паводле «Белсата».