CК паведаміць, ці будзе крымінальная справа супраць ксяндза Вячаслава Барка

Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча, накіраваўся ў Следчы камітэт — днямі яго выклікалі туды позвай.

2021_04_22_lipka_barok_f1.jpg

Ён паведаміў «Радыё Рацыя», што, паводле вынікаў праверкі, якую праводзілі следчыя, мае вырашыцца пытанне наконт крымінальнай справы «за экстрэмізм»:

— Мяне азнаёмяць з вынікамі экспертыз на экстрэмізм — праверкі майго YouTube-канала і некаторых выказванняў у сацыяльных сетках. Будзе таксама прынята рашэнне, ці заводзіць супраць мяне крымінальную справу, ці не.

Следчы камітэт распачаў праверку кантэнту сацыяльных сетак ксяндза Вячаслава Барка яшчэ летась: 12 лістапада мінулага года яго ўпершыню выклікалі на гутарку да следчых.

У межах праверкі праводзілася 13 экспертыз, пра вынікі якіх ксяндзу Вячаславу маюць паведаміць сёння, 22 красавіка. Следчыя высвятляюць, ці няма ў выказваннях ксяндза заклікаў да экстрэмізму і распальвання міжнацыянальнай варажнечы.