Чарговая справа за экстрэмізм у сацсетках

Распачатая чарговая справа за экстрэмізм у сацсетках. Грамадская актывістка, удзельніца кампаніі dissident.by Марына Касінерава даведалася, што супраць яе складзены пратакол паводле ч. 2. арт 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Марына Касінерава. Фота з фэйсбука

Марына Касінерава. Фота з фэйсбука


Падставай стаў фотаздымак Вячкі Касінерава ў шапцы з надпісам "Class War" (надпіс унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў), апублікаваны ў фэйсбуку ажна 8 траўня 2017 года. Праўда, разабраць, які менавіта надпіс на шапцы Касінерава на тым здымку, атрымліваецца не з першага раза. Паводле пратаколу, "экстрэмісцкае" фота было выяўлена пры аглядзе старонкі Марыны 10 студзеня 2020 года.
Чаму раптам узнікла цікаўнасць да публікацыі трохгадовай даўніны? На думку актывісткі, "складанне пратакола — гэта проста чарговы паказчык таго, што за намі і за нашай дзейнасцю пільнуюць і пільнуюць вельмі уважліва. Гэта ў тым ліку адна з формаў псіхалагічнага ціску.
Плюс, я думаю, іх вельмі непакоіць наша ініцыятыва (dissident.by — рэд.), якая прысвечана дапамозе палітычным вязням у Беларусі: іх колькасць, агучка любой інфармацыі і падтрымка. Бо яна выходзіць за межы Беларусі, і людзі не толькі пра гэта чытаюць, але пішуць лісты і распаўсюджваюць інфармацыю, што вельмі не зручна для ўладаў".
"Новы Час" будзе сачыць за развіццём падзей.