Чарговы Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца ў Вільні
Мяркуецца, што ў галоўнай акадэмічнай падзеі 2019 года, якая адбудзецца 27-29 верасня, прыме ўдзел каля 500 навукоўцаў. Прыкладна дзве траціны дэлегатаў складуць беларускія аналітыкі і даследчыкі.

Злева направа: Русціс Камунтавічус, Томаш Блашчык, Андрэй Казакевіч, Максімас Мілта
Палова беларускіх удзельнікаў будуць з дзяржаўных даследчыцкіх установаў. Дваццаць адсоткаў беларускіх удзельнікаў – даследчыкі з рэгіёнаў.
Пра падрыхтоўку восьмага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі распавялі на адмыслова арганізаваным у Мінску прэс-сняданку прадстаўнік аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімас Мілта, доктар Інстытуту “Палітычна сфера” Андрэй Казакевіч, доктар Універсітэта Вітаўта Вялікага Томаш Блашчык і дацэнт Русціс Камунтавічус ад Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага.

Таксама на ўдзел у кангрэсе зарэгістраваліся навукоўцы з Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі і шэрагу іншых краінаў.
Асноўным акадэмічным партнёрам Кангрэса сёлета выступіць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. У ягоных вучэбных карпусах, а гэта былы кляштар Аўгустынаў васямнадцатага стагоддзя і касцёл Паны Марыі суцяшэння, і будуць праходзіць мерапрыемствы Кангрэса.

У сёлетнім Кангрэсе адбудзецца праца па 14 даследчых кірунках. Сярод іх міжнародныя адносіны, рэгіянальная бяспека, грамадства і грамадскія інстытуты, эканоміка і эканамічная палітыка, гендэрныя даследаванні, медыйныя даследаванні, адукацыя і навука, гісторыя ВКЛ, філасофія, гісторыя царквы і тэалогія, лінгвістыка, гістарычная і культурная спадчына.

Падчас Кангрэсу адбудуцца 65 тэматычных панэляў, 18 секцый, 7 круглых сталоў, дзе будуць абмяркоўвацца актуальныя праблемы сучаснай Беларусі. Па выніках збору заявак на стварэнне секцый арганізацыйны камітэт Кангрэсу атрымаў рэкордныя 90 прапановаў. 38% заявак звязаныя з арганізацыяй панэляў па гуманістыцы, 24% па гісторыі, 14% па палітычным навукам, 15% па сацыялогіі і 6% па эканоміцы, 3% заявак міждысцыплінарныя. Таксама адмысловай прэміяй будуць адзначаныя найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па выніках 2018 года.

Акадэмічнымі партнёрамі Кангрэса таксама з’яўляюцца літоўскія Універсітэт Вітаўта Вялікага і Інстытут ВКЛ.
Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі збіраўся ў Коўне ў 2011 годзе з мэтай вывучэння сучаснай Беларусі. Тады ён сабраў 250 удзельнікаў. Там жа Кангрэс ладзіўся наступныя пяць год. Шосты Кангрэс адбыўся ў Варшаве ў 2017 годзе. Восьмы Кангрэс меўся адбыцца ў Мінску, але нешта пайшло не так. Было прынятае рашэнне аб яго пераносе на 2019 год у Вільню.

Рэгістрацыя навукоўцаў на сёлетні Кангрэс ажыццяўляецца ў індывідуальным парадку. Падаць заяўку на ўдзел у Кангрэсе яшчэ можна да 25 траўня на сайце icbs.palityka.org.
Фота аўтара