«Чарнобыль нікуды не сышоў. Наадварот, ён стаў сябе паводзіць больш агрэсіўна»
Дазволеныя ўзроўні радыенуклідаў, якія даюць права вытворцам называць сваю прадукцыю «чыстай», усё адно вельмі небяспечныя для здароўя, адзначыў Юрый Бандажэўскі.
Прэзідэнцкім указам скасаваная ахоўная зона Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы заяўляе, што мы навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую прадукцыю. Ці сапраўды на тых землях можна атрымліваць бяспечную для здароўя прадукцыю, разважае доктар медыцынскіх навук Юрый Бандажэўскі.
Еўрарадыё: Што азначае скасаванне ахоўнай зоны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка?
Юрый Бандажэўскі: Запаведнік гэты ствараўся для таго, каб абмежаваць распаўсюджванне радыенуклідаў і каб вывучаць уплаў радыяцыі на біапрацэсы. Але справа ў тым, што і за межамі запаведніка тэрыторыя той жа Гомельскай вобласці вельмі моцна забруджаная радыёнуклідамі. І калі я працаваў у Гомельскім медінстытуце, мы назіралі ўплыў гэтых радыёнуклідаў на здароўе людзей. Уплыў гэты, дарэчы, працягваецца і цяпер. І калі я чую ад беларускіх чыноўнікаў словы пра тое, што ў нас цяпер з гэтым усё добра, то прыходжу ў ярасць. Мы праводзім даследванні ва Украіне ў межах аднаго міжнароднага праекта і бачым, які негатыўны ўплыў аказалі і працягваюць аказваюць на здароўе людзей нашмат меншыя дозы радыеактыўных элементаў. У тых, хто нарадзіўся пасля Чарнобыльскай аварыі, проста жахлівы стан здароўя. А гэта азначае, што ў Беларусі сітуацыя нашмат горшая. Мы кажам пра тэрыторыю Палескага запаведніка, але вялікія праблемы са здароўем назіраюцца і ў тых людзей, якія жывых у тых раёнах Гомельскай вобласці, якія ўлады аб’явілі чыстымі. А на гэтых тэрыторыях, якія яны вывелі з ахоўнай зоны Палескага запаведніка, можна атрымліваць вельмі высокія ўзроўні забруджвання радыёніклідамі.
Еўрарадыё: Але ж беларускія ўлады кажуць, што навучыліся вырошчваць чыстую прадукцыю праз ахоўныя меры. Таму, маўляў, прадукцыя павінна быць толькі чыстая.
Юрый Бандажэўскі: Я такіх “ахоўных мер” не ведаю. Апроч таго, што такое чыстая прадукцыя? Гэта прадукцыя, якая не ўтрымлівае радыенуклідаў. А тыя дазволеныя ўзроўні радыенуклідаў, якія даюць права вытворцам называць сваю прадукцыю “чыстай”, усё адно вельмі небяспечныя для здароўя. Асабліва для людзей другога чарнобыльскага пакалення. Таму ўсе гэтыя размовы чыноўнікаў пра “чыстую прадукцыю” ― звычайная маніпуляцыя. Да ўсяго, цяпер назіраецца вялікая экспансія стронцыю. І тут самае страшнае тое, што стронцый не вызначаецца ў жывых аб’ектах ― так, як мы вызначаем цэзій.
Я прывяду прыклад: людзі набываюць дровы, якія аж пад Кіеў вязуць з забруджаных Чарнобылем тэрыторый Украіны. Паляць тыя дровы ў печы, а потым попел выкідваюць на грады. Мы выявілі 11 тысяч бекерэляў стронцыю на 1 кілаграм попелу. І гэты стронцый трапляе ў арганізм людзей разам з гароднінай, якую на тым попеле вырасцілі. Выявіць стронцый так, як мы выяўляем цэзій, немагчыма ― ён больш падступны элемент. І яго нельга вывесці з арганізму хутка. Пра якія “ахоўныя меры” можна весці гаворку? Гэта больш чым непрафесійныя размовы. Сёння наадварот трэба пашыраць ахоўныя меры. Чарнобыль нікуды не сышоў. Наадварот ― ён стаў сябе паводзіць больш агрэсіўна. Бо плутоній распадаецца, і з’яўляецца ўсё больш амерыцыю ― таксама, як і стронцый, вельмі небяспечнага элементу. Тут, для таго, каб сказаць, што гэта “чыстая тэрыторыя”, недастаткова пахадзіць туды-назад з дазіметрам. Я магу з поўнай адказнасцю сцвярджаць: людзі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія нарадзіліся пасля Чарнобыльскай аварыі, маюць вялікую адчувальнасць нават да малой колькасці радыёнуклідаў ― для іх ужо завялікая тая доза, якой супраціўляліся іх бацькі.
Еўрарадыё: Усё ж час прайшоў, нешта там распалася, нешта выветрылася, нешта мы навучыліся рабіць, каб вырасціць добрую прадукцыю на землях некалі забруджаных раёнаў…
Юрый Бандажэўскі: Нічога там не змянілася. Асабліва, калі ўлічыць адчувальнасць нашых дзяцей да нават малых доз радыенуклідаў. І не выветрываюцца яны нікуды, а з’яўляюцца ўсё новыя і новыя небяспечныя элементы ў выніку распаду. Асаблівая тэма ― дазволены ўзровень радыеактыўных элементаў у прадукцыі. Да прыкладу, дазволена 100 бекерэляў на 1 літр малака. Як такое малако можна даваць дзіцяці? Дык яны бяруць і робяць 99 бекерэляў на 1 літр. Выглядае нібыта не так страшна, але няўжо 99 лягчэйшыя за 100 бекерэляў?! Змешванне “бруднага” малака з “чыстым” да дазволеных норм утрымання радыенуклідаў сітуацыю не ратуе. Менавіта з-за такога змешвання узровень анкалагічных захворванняў, да прыкладу, у Віцебску амаль такі ж, як у Гомелі. З-за гэтых змешванняў практычна ўся тэрыторыя Беларусі атрымлівала радыяцыйнае апраменьванне. І таму не трэба цяпер казаць пра нейкія “ахоўныя меры”. І гэта мы яшчэ не казалі пра барый, да якога распадаецца цэзій, і які з’яўляецца вельмі таксічным элементам.
Практычна кожнае дзіця, якое мы даследавалі ва Украіне, мела сур’ёзныя праблемы са здароўем. І гэта з тых тэрыторый, якія ў параўнанні з Беларуссю пацярпелі не так моцна. Я калі гляджу на гэтых дзяцей ва Украіне ― 40% з парушэннем гармонагэнезу, сур’ёзныя перадумовы да анказахворванняў, я ўвесь час думаю пра Беларусь: “А што ж там ― там жа яшчэ горш?”. І там жа нічога сур’ёзна не робяць. Толькі казкі расказваюць пра “ахоўныя меры” і “чыстую прадукцыю”.
Юрый Бандажэўскі ― доктар медыцынскіх навук, прафесар, член Нью-Ёркскай акадэміі навук, першы рэктар Гомельскага медінстытута. У 1999 быў затрыманы па падазрэнні ў атрыманні хабару, асуджаны, вызвалены ў 2005 годзе. Зараз жыве ў Кіеве. Кіраўнік украінскага міжнароднага навукова-даследчага цэнтра “Экалогія і здароўе”.