Да дырэктара газеты «Беларусы і рынак» дагэтуль не пусцілі адваката. Невядома, дзе яго ўтрымліваюць

Да затрыманага дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых дагэтуль не пусцілі адваката. Праз шэсць дзён пасля затрымання невядома нават дакладна, дзе ён знаходзіцца. Мяркуецца, што Залатых — у СІЗА КДБ у Мінску, піша «Еўрарадыё».

zal220518_79f39.jpg

Пра затрыманне КДБ дырэктара газеты «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых, бухгалтаркі выдання Юліі Кахно і галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча стала вядома 18 траўня. У той жа дзень Кахно і Александровіча адпусцілі. Залатых на волю не выйшаў. Яму інкрымінуюць артыкул 130 КК Беларусі — «Распальванне нацыянальнай варажнечы». Іншыя падрабязнасці невядомыя.

«Беларусы і рынак» — адно з апошніх «легальных» незалежных выданняў у Беларусі, яно піша ў асноўным пра эканоміку.