«Даход дазваляе адкладаць». Як зарабляе сям'я беларускіх музыкаў у Польшчы

Мікіта і Яўгенія (імёны змененыя) жывуць у Польшчы крыху больш за два гады. Абодва музыкі: Мікіта — гітарыст, ён працуе ў музычнай школе і дае прыватныя ўрокі, а Яўгенія — піяністка, піша аркестравыя аранжыроўкі на замову. Даход дзяўчыны не пастаянны, таму сям'ю ўтрымлівае мужчына. Ён распавёў MOST пра заробак і выдаткі сям'і музыкаў у Польшчы.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Мікіта прызнаецца, што ягоны заробак даўно не апускаўся ніжэй за 10 тысяч злотых (прыблізна 2,5 тысячы долараў) на месяц, а як правіла, сур'ёзна пераўзыходзіць гэтую суму. Але ад месяца да месяца даход вар'іруецца: акрамя працы ў школе мужчына вядзе прыватную практыку. Цяперашні ўзровень даходу ён называе камфортным, але выйшаў на яго беларус не адразу.

— У тыдзень я праводжу ў сярэднім 50 урокаў. З іх палова — прыватныя. Даход дазваляе адкладаць — гэта пры тым, што вялікую суму з'ядаюць падаткі, — дзеліцца Мікіта.

Паводле слоў маладога чалавека, мінімум, які патрэбны сям'і для камфортнага жыцця, — 9 тыс. злотых.

Жыллё

Мікіта працуе ў Варшаве, але жыллё сям'я здымае ў прыгарадзе. На двухпакаёвую кватэру звычайна сыходзіць да 2600 злотых — гэта ўжо з улікам камунальных плацяжоў.

— Першапачаткова мы хацелі ў Варшаву, але трапіўся выдатны варыянт у прыгарадзе, яшчэ і гаспадары аказаліся не супраць хатніх жывёл — у нас кот і кошка. Зараз знайсці падобнае жыллё побач з Варшавай танней за 3 тыс. злотых складана. Нам вельмі пашанцавала, — распавядае Мікіта.

Хатнія жывёлы

На корм і напаўняльнік для кацінага латка сям'я траціць у сярэднім 300 злотых. У месяц стандартна сыходзяць дзве паўтаракілаграмовыя пачкі корму, кожная па кошце крыху менш за 100 злотых. Астатняя сума — на напаўняльнік і каціныя цацкі.

Транспарт

З самае раніцы і да гадзіны ночы з Варшавы і назад ходзяць электрычкі. Кошт праязнога Мікіты на дзве зоны (страфы) — 180 злотых.

— Жонка ездзіць у Варшаву радзей, таму неабходнасць праязнога для яе пакуль што пад пытаннем. Калі яна едзе па справах або мы выбіраемся кудысьці разам, купляем квіткі. У сярэднім гэта яшчэ 120 злотых на месяц.

Таксама сям'я карыстаецца таксі, на яго сыходзіць яшчэ каля 200 злотых.


Глядзіце таксама

Харчаванне і побытавая хімія

На прадукты і хімію для дома сям'я выдаткоўвае блізу 1800 злотых — прыкладна па 450 на тыдзень. А з улікам абедаў у горадзе ў перапынках паміж працай гэтая сума можа дасягаць 2000 — 2200 злотых.

Догляд і сродкі гігіены

На догляд і сродкі гігіены сям'я выдаткоўвае 200 злотых. Сюды ўваходзяць шампунь, зубная паста, шчоткі, дэзадаранты, сухі шампунь і іншае.

Касметыка і бьюці-працэдуры Яўгеніі абыходзяцца ў 1000 злотых.

Сувязь і платныя падпіскі

На сотавую сувязь на дваіх сям'я траціць 70 злотых, яшчэ 60 сыходзіць на хатні інтэрнэт. У 170 абыходзяцца падпіскі на сэрвісы і прыкладанні: Spotify, iCloud, Youtube Premium і іншыя.

Прафесійныя выдаткі

Кожны месяц Мікіта купляе медыятары, струны і іншыя расходнікі для музычнай дзейнасці. На гэта сыходзіць каля 300 злотых. Бывае, патрабуецца абслугоўванне нейкага інструмента ў майстра, тады гэтая сума ўзрастае ў 2,5–3 разы, але, паводле слоў Мікіты, адбываецца гэта нячаста.

Акрамя гэтага малады чалавек плаціць за арэнду студыі для рэпетыцый сваёй музычнай групы. На яе сыходзіць 400 злотых на месяц.

Забавы і адпачынак

Раз на тыдзень сям'я выбіраецца ў горад на шпацыр і адпачынак. Традыцыйна гэта кавярня, а пазней нейкі з рэстаранаў альбо бар. У сярэднім на гэта за раз сыходзіць 150 злотых, або каля 600 злотых у месяц.

Фінансавыя абавязацельствы

У сям'і аформленыя дзве растэрміноўкі — на камп'ютар і адну з гітар Мікіты. На гэта сумарна сыходзіць крыху менш за 800 злотых у месяц.

Разам

Жыллё — 2600 злотых;

Хатнія жывёлы — 300 злотых;

Транспарт — 500 злотых;

Харчаванне, побытавая хімія — 2000-2200 злотых;

Прыгажосць і догляд — 1200 злотых;

Сувязь і падпіскі — 300 злотых;

Прафесійная выдаткі — 700 злотых;

Забавы і адпачынак — 600 злотых;

Выплата растэрміновак — 800 злотых;

Агулам — 9000-9200 злотых.