«Калі параўноўваць дасягненні за трыццаць гадоў, то гэта трошкі падобна на катастрофу»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» піша пра няўхільны рост дабрабыту беларускага народа, якім так хваліцца Міністэрства эканамічнага аптымізму. Але лепш бы не хвалілася, бо рост атрымліваецца ў нечым «альтэрнатыўны».
Тут Міністэрства эканамічнага аптымізму пахвалілася, як няўхільна вырас дабрабыт беларускага народа за апошнія трыццаць гадоў. Асабліва яно пахвалілася, як за апошнія трыццаць гадоў выраслі сярэднія заробкі беларускага народа. І ведаеш што? Вось лепш наогул народу пра рост дабрабыту за апошнія трыццаць гадоў не нагадваць.
Таму што Міністэрства ж не пахвалілася, што сярэдні заробак у Арменіі і Грузіі абагнаў сярэдні заробак беларускага народа. А гэта, між іншым, гістарычная падзея. Таму што дагэтуль заробкі ў Грузіі і Арменіі заўсёды былі ніжэйшыя, чым заробкі беларускага народа. І пра тое, што сярэдні заробак у Польшчы абагнаў сярэдні заробак беларускага народа ўжо ў два з паловай разы, таксама нічога не сказала. І пра літоўскі заробак, які ўдвая большы, таксама нічога не сказала.
І калі параўноўваць дасягненні беларускіх эканамічных эксперыментатараў з суседзямі толькі сёлета, то ўсё, можа, не так і дрэнна. А вось калі параўноўваць дасягненні за трыццаць гадоў, то гэта трошкі падобна на катастрофу. Таму што дасягненні ў беларускай эканоміцы здарыліся ў нулявыя, калі кошт нафты быў высокі, а Расія прадавала гэтую нафту ў Беларусь танна.
Але ў 2008 годзе беларуская эканоміка як спатыкнулася, так з тых часоў і калупаецца. Таму што выдатныя практыкі эканамічных навук ставілі над ёй занадта шмат эксперыментаў. З-за гэтых эксперыментаў беларуская эканоміка паводзіла сябе так, як быццам яна каталася на горках. То вырасце, то зноў упадзе.
І ў выніку за апошнія пятнаццаць гадоў яна расла ў сярэднім на адзін працэнт у год. А беларускія суседзі раслі ў сярэднім на тры-чатыры працэнты. І любы, акрамя эканамічных аптымістаў, можа палічыць, на колькі працэнтаў беларуская эканоміка за гэтыя пятнаццаць гадоў адстала.
Вось сёлета эканамісты зноў выхваляюцца, што эканоміка ў іх вырасце на чатыры працэнты. Толькі яны ж не выхваляюцца, што гэтая няшчасная эканоміка ў мінулым годзе ўпала на 4,7 працэнта. І нават калі яна ў гэтым годзе вырасце, як ёй загадана расці, яна ўсё роўна не дагоніць саму сябе леташнюю. Не кажучы ўжо пра тое, каб дагнаць каго-небудзь яшчэ.
Таму што ў той жа Арменіі эканоміка летась вырасла на 14 адсоткаў. А сёлета яна вырасце на 9 адсоткаў. І гэта, заўваж, без усялякіх мабілізацый. Бо проста ёй так хочацца.
Калі Міністэрства эканамічнага аптымізму выхваляецца ростам дабрабыту за трыццаць гадоў, то гэта той класічны выпадак, калі лепш жаваць, чым казаць.
Яны б яшчэ пахваліліся дасягненнямі пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.