ДАІ здала ў архіў справу збітага машынай абаронцы Курапатаў, які ляжаў у гіпсе

Абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч рыхтуе скаргу ў пракуратуру і заяву ў суд на ДАІ Мінскай вобласці, піша «Свабода».

2018_06_29_kurapaty_a._ljaszkevicz_067_logo_1_logo_1_1_1_logo.jpg

Актывіст не згодны з тым, што ДАІ спыніла справу супраць кіроўца, які збіў яго на аўтамабілі каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах.

Інцыдэнт адбыўся ў лютым 2019 года. Дзяніс Урбановіч удзельнічаў у пікетаванні рэстарацыі, калі туды на сваім аўта прыехаў музыка Анатоль Лабанок.

Паводле Лабанка, ён паспрабаваў абʼехаць пікет, але Дзяніс Урбановіч кінуўся пад колы. Актывіст з гэтым не згодны і кажа, што Лабанок свядома паехаў на людзей, ды яшчэ і «паддаў газу».

Ад падзення пасля наезду аўтамабіля ў Дзяніса Урбановіча пашкодзіліся плячо і шыя, лекары наклалі яму гіпс. Першыя дні актывіст правёў загіпсаваны ў ложку, а ўсяго насіў гіпс 12 дзён. Адразу пасля ДТЗ супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол на кіроўцу Анатоля Лабанка, была заведзена адміністрацыйная справа.

Больш як праз месяц пасля ДТЗ Дзяніс Урбановіч азнаёміўся са справай і не пабачыў там медыцынскіх даведак аб сваіх цялесных пашкоджаннях. Актывіст настаяў на правядзенні медыцынскай экспертызы. Яго накіравалі ў Бараўлянскі аддзел Камітэту судовых экспертыз, які і раней праводзіў экспертызы пасля здарэнняў каля рэстарацыі побач з Курапатамі. Аднак пра вынікі Урбановічу дагэтуль не паведамілі і нарэшце ў пачатку чэрвеня выклікалі ў Мінскае абласное ДАІ для азнаямлення са справай.

«Мяне выклікалі ў абласное ДАІ. Спачатку сустрэўся з супрацоўнікам Дзмітрыем Юкацем, які займаўся маёй справай. Той здзівіўся, чаго я прыйшоў. Тады я напісаў заяву на азнаямленне са справай. Доўга хадзілі з маёй заявай, дайшлі да намесніка начальніка абласнога ДАІ Родчанкава. Той яшчэ гадзіну разбіраўся, кудысьці тэлефанаваў, як раптам сказаў, што, паколькі ў мяне няма цялесных пашкоджанняў, справу яшчэ месяц таму спынілі і адправілі ў архіў. І дадаў, што мне па пошце нібыта высылалі паведамленне, хоць я нічога не атрымліваў».

Урбановіч напісаў новую заяву, каб вярнулі справу з архіва і каб ён мог азнаёміцца з вынікамі экспертызы.

«Як гэта — няма пашкоджанняў? Амаль два тыдні быў у гіпсе, спачатку ўвогуле рухацца не мог — і няма пашкоджанняў? Буду далей разбірацца і скардзіцца», — сказаў “Свабодзе” Дзяніс Урбановіч.

Паводле ягоных звестак, супрацоўнікі ДАІ так і не прыклалі да справы даведак пра траўмы, атрыманыя ў шпіталі.

Атрымаць каментар ДАІ да справы аб наездзе на Дзяніса Урбановіча ў ДАІ пакуль не ўдалося.

Гэта не першы выпадак, калі пацярпелыя ад наездаў аўтамабіляў абаронцы Курапатаў скардзіліся на ДАІ і на экспертаў з Бараўлянскага аддзелу экспертыз. Пра падобныя прэтэнзіі ўжо заяўлялі Леанід Кулакоў і Зміцер Казакевіч.

www.svaboda.org