Працягваецца судовы разгляд пазову Леаніда Кулакова да Златы Савоставай

У Першамайскім судзе разглядалі пазоў абаронцы Курапатаў Леаніда Кулакова да Златы Савоставай, якая амаль год таму на аўтамабілі каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах здзейсніла на актывіста наезд, у выніку якога ён быў траўмаваны.

img_6760_logo.jpg


Траўма аказалася сур'ёзная — пералом локцевага сустава, яна часткова пазбавіла Леаніда Кулакова працаздольнасці, у працэсе лекавання ўзніклі ўскладненні.

Паколькі ад міравога пагаднення бакі адмовіліся, цяпер суд намагаецца ўстанавіць характар траўмы і яе сувязь з леташнім дарожна-транспартным здарэннем, каб ацаніць памер кампенсацыі маральнай шкоды, якую мусіць сплаціць віноўнік здарэння.

Справа ў тым, што медычнае заключэнне бальніцы, куды звярнуўся Кулакоў пасля атрымання траўмы, супярэчыць медычнай экспертызе, якая рабілася праз некаторы час па накіраванню работнікаў ДАІ.

Каб разабрацца ў сітуацыі, суд прапанаваў Кулакову прайсці экспертызу ў Галоўным ўпраўлення складаных судовых экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Гэта паслуга для пазоўніка платная. Неўзабаве амаль 2000 рублёў для экспертызы сабралі сябры і паплечнікі Леаніда Кулакова. Леанід са свайго боку заявіў, што калі суд прыме рашэнне на ягоную карысць і выдаткі будуць кампенсаваныя адказчыкам, — ён аддасць гэтыя грошы на абарону Курапатаў.

Сёння, 25 чэрвеня, справу пра наезд Златы Савоставай на абраноцу Курапатаў разглядала суддзя Наталля Петух. На судзе прысутнічаў пазоўнік Леанід Кулакоў, а таксама у якасці адказчыка — маці Златы Савоставай Святлана. Сама Злата Савостава, якая ў той дзень знаходзілася за стырном аўто, на судовым пасяджэнні адсутнічала. Таксама на суд быў запрошаны загадчык рэнтгенаддзялення ваеннага медцэнтра Уладзімір Александровіч.

Суддзя пры згодзе абодвух бакоў прызначыла Уладзіміра Александровіча новым экспертам па справе, паколькі ранейшы эксперт, рэнтгенолаг бальніцы хуткай дапамогі Грамыка паведаміў, што не мае кампетэнцый для кансультавання рэнтгенаграмы локцевага сустава.

Таксама Леанід Кулакоў, паколькі неўрапатолаг выявіў зашчамленне локцевага нерва і абмежаванні ў працы, хадайнічаў, каб суд накіраваў яго на агляд МРЭК у сувязі з частковай частковай стратай працаздольнасці. Суд гэта хадайніцтва адхіліў.

Суддзя Наталля Петух пастанавіла ўключыць у склад экспертнай камісіі Уладзіміра Александровіча і прызначыць экспертызу на чацвер.

Нагадаем, 27 чэрвеня 2018 года Злата Савостава за стырном аўто "Таёта" наехала на ўдзельніка курапацкай варты Леаніда Кулакова. Прысутныя адзначалі, што дзяўчыны ў аўто рэагавалі на сітуацыю са смехам, а калі ўбачылі, што наехалі на чалавека, адразу разгарнуліся і з'ехалі з месца здарэння — нават не выйшлі з машыны і не выклікалі медыкаў. Леаніда Кулакова забралі ў шпіталь на "хуткай". У яго быў дыягнаставаны пералом локцевага сустава левай рукі.