Суд аштрафаваў віцебчука «за арганізацыю выставы невядомага мастака»

Віцяблянін Дзяніс правёў 6 траўня ў прыватным памяшканні мастацкую выставу. А праз месяц суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў яго як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства на 30 базавых велічынь,

Жыхар Віцебску Дзяніс, якога суд пакараў за выставу. Фота з "Віцебская Вясны"

Жыхар Віцебску Дзяніс, якога суд пакараў за выставу. Фота з "Віцебская Вясны"

Імпрэза праходзіла на тэрыторыі былой віцебскай фабрыкі “КІМ”, якая даўно збанкрутавала, а яе памяшканні выкупленыя прыватнікамі, паведамляе "Віцебская Вясна". У адным з іх і была зладжаная выстава “Катарсіс”. На ёй экспанавалася 25 працаў маладога мастака з Брэста Dima Wesko. Гучала музыка. Уваход на вечарыну ў стылі “постіндустрыяльнага аўдыё-візуальнага авангарду” быў вольны (па запісе ў інтэрнэце).

Але ў нейкі момант “аўдыёвізуальны авангард” раптам ператварыўся ў беларускі “сюр” — з супрацоўнікамі МУС на пярэднім плане.  

Дзяніс расказвае, што каля 23.00 у памяшканне зайшлі міліцыянты і запыталіся, ці ёсць дазвол на правядзенне мерапрыемства.

“Мы ў адказ: на што дазвол? На тое, што мы тут проста адпачываем?..” — распавядае Дзяніс. Ён сцвярджае, што імпрэза сапраўды праходзіла на прыватнай тэрыторыі і што з гаспадаром памяшкання было дамоўлена аб яе правядзенні.

 

На выставе. Фота: "Тыповы Віцебск"

На выставе. Фота: "Тыповы Віцебск"

Даведаўшыся, што арганізатарам вечарынкі быў Дзяніс, міліцыя перапісала ягоныя пашпартныя дадзеныя і з'ехала, забраўшы з сабой пецярых непаўналетніх, каб праверыць іх на ўтрыманне алкаголю ў крыві (усе аказаліся цвярозымі).

Недзе праз месяц, 2 чэрвеня, маёр міліцыі Сяргей Козік выклікаў Дзяніса ў аддзяленне і склаў на яго пратакол за правапарушэнне, прадугледжанае часткай 2 артыкулу 23.34 КаАП РБ.

Паводле пратаколу, Дзяніс парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” тым, што “арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства — культурнае мерапрыемства, выставу карцін невядомага мастака ў складскім памяшканні”  (ч.2 арт. 23.34).

3_173.jpg

Суд Першамайскага раёну прызнаў віцябляніна вінаватым і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

 Паводле spring96.org, vitebskspring.org.