Дашкевіча затрымалі перад спробай паставіць новыя крыжы ў Курапатах
Абаронцы Курапатаў збіраліся выставіць новыя крыжы каля рэстарацыі «Поедем поедим», якая месціцца пад мемарыяльным комплексам Курапаты, паведамляе «Радыё Свабода».

У цэнтры — невядомы, які ўдзельнічаў у затрыманьні Зьмітра Дашкевіча
Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч вёў трансляцыю на Facebook перад ўстаноўкай крыжоў, калі іх везлі на грузавіку ў Курапаты. Падобна, яго затрымалі «людзі ў цывільным», пасля таго, як супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну з крыжамі.
Прычыны затрымання невядомыя. Разам з Дашкевічам, як піша блогер Эдуард Пальчыс, затрыманыя актывісты Валер Мінец і Ягор Лаўрухін. Фура з крыжамі арыштаваная, сцвярджае ён, а затрыманне праводзілі «сур’ёзныя хлопцы — Альфа або Служба бяспекі прэзідэнта».
Паводле аднаго з лідараў пратэстаў супраць рэстарацыі сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, у актывістаў ёсць «план Б»: цяпер яны ідуць да рэстарацыі «Поедем поедим», каб наляпіць плакаты на плоце, «стаяць за сябе і за Дашкевіча». Перамоваў з уладальнікамі рэстарацыі «сёння ніякіх не будзе», дадае ён.

Зьміцер Дашкевіч у Курапатах, архіўнае фота
Устаноўка трохметровых крыжоў была запланаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, а апоўдні працягнецца штодзённая варта.
Цягам дня абаронцы Курапатаў чакаюць візітаў замежных гасцей — у Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыццё мемарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасцянцы, у тым ліку прэзідэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны.