Міліцыянты канфіскавалі крыжы ў абаронцаў Курапатаў, адпусцілі кіроўцу і грузавік

Затрыманы каля 9:45 Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мемарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены каля 12:45 з Ленінскага РУУС Мінску без складання пратаколу, паведамляе «Радыё Свабода».

Архіўнае фота «Радыё Свабода».

Архіўнае фота «Радыё Свабода».

Астатнія затрыманыя разам з ім — Зміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — былі адпушчаныя з РУУС пазней, толькі прыкладна ў 13.40. І адразу скіраваліся ў Курапаты.

Як расказаў "Радыё Свабодзе" Валер Мінец, яму не выстаўлялі ніякіх абвінавачанняў, вярнулі грузавік, склаўшы толькі пратакол агляду аўто, але не аддалі крыжоў. На іх міліцыянты «пыталі нейкія дакументы, нібыта гэта прадмет гандлю, а не мемарыяльныя крыжы», кажа ён.

«Зразумела, што, апроч крыжоў, іх нічога не цікавіла, — разважае Мінец. — Зразумела, што яны выконвалі загад, не больш і не менш».

Валер Мінец, архіўнае фота «Радыё Свабода».

Валер Мінец, архіўнае фота «Радыё Свабода».

Актывістка Наста Дашкевіч спадзяецца вырашыць сітуацыю з канфіскацыяй крыжоў — скласці на іх, калі неабходна, таварна-транспартныя накладныя, каб «узаконіць».

Устаноўка шасціметровых крыжоў была запланаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, апоўдні працягнулася штодзённая варта. У Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыццё мэмарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасцянцы, у тым ліку прэзідэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны. Мемарыял (але не акцыю пратэсту пад рэстарацыяй) удзень наведала польская дэлегацыя.