«Дэфіцыт нацыянальнай ідэі і мала афіцыйных сцягоў». Шуневіч і Румас пагаварылі пра футбол
Старшыня Беларускай федэрацыі футболу і кіраўнік МУС абмеркавалі паводзіны міліцыі на стадыёнах.

belsat.eu
Кіраўнік футбольнай федэрацыі Сяргей Румас адзначыў наспелую неабходнасць удасканальвання мераў, якія маюць прывабліваць на стадыёны заўзятараў. Выказаў просьбу пра больш карэктнае стаўленне да аматараў футболу з боку праваахоўнікаў, а таксама адзначыў гатовасць фармавання міжведамаснай групы па распрацоўцы законапраекту «Аб заўзятарах».
У сваю чаргу міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч акрэсліў пазіцыю МУС: міліцыянтаў унутры «чашы» стадыёну падчас матчаў не павінна быць. Разам з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі футболу ён абмеркаваў неабходнасць выкарыстоўвання сцюардаў.
Разам з тым Ігар Шуневіч мяркуе, што публікацыі медыяў пра стасункі фанатаў і міліцыі не заўсёды аб’ектыўныя. Цяпер на даглядзе перад матчамі будуць прысутнічаць прадстаўнікі федэрацыі футболу, якія маюць упэўніцца ў непрадузятым стаўленні праваахоўнікаў.
Удзельнікі сустрэчы прызналі, што на стадыёнах не хапае нацыянальнай ідэі і афіцыйных дзяржаўных сімвалаў Беларусі, паведамляе Белсат.
Адзін з апошніх выпадкаў, калі міліцыя сябе паводзіла неадназначна, адбыўся 12 кастрычніка на «Барысаў-арэне». Тады, падчас матчу Беларусь-Македонія, затрымалі траіх заўзятараў і пакаралі штрафамі ў памеры 1,8 млн рублёў. Заўзятары лічаць, што такім чынам іх пакаралі за шалікі з выявай «Пагоні».
З перадузятым стаўленнем падчас дагляду сутыкнуўся і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч: у Салігорску міліцыянты не пазналі яго і абшукалі.