Дэвальвацыя, якой не будзе

Кіраўнік Беларусі, а за ім і старшыня Нацбанка загаварылі пра дэвальвацыю, якой не будзе. У абменніках часцяком можна пачуць, што валюты няма, а статыстыка з валютна-фондавай біржы сведчыць пра перавышэнне попыту над прапановай. У суме з заявамі высокапастаўленых чыноўнікаў гэтыя працэсы наводзяць насельніцтва на думку, што крызіс далёка не адышоў ад Беларусі.
 

Спачатку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не разумее, адкуль узнікаюць чуткі і здагадкі пра будучую дэвальвацыю беларускага рубля. Аператыўна яго словы пацвердзіла кіраўнік Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, заявіўшы, што неабходнасці ў рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў Беларусі няма. «Нейкай разавай дэвальвацыі не будзе, яна не прадбачыцца, у гэтым няма неабходнасці. Ці будзе плаўная дэвальвацыя? Не выключана, — тлумачыла кіраўніца Нацбанка, ледзьве не цытуючы свайго папярэдніка Пятра Пракаповіча, якога добра запомнілі па крызіснаму 2011 году, і распавяла, што грошай у краіне хапае: — У нас на рахунках прадпрыемстваў назапасіліся вялікія сумы грошай, парадку 4 мільярдаў долараў у дэпазітах, на рахунках насельніцтва маецца шмат валюты. Няма неабходнасці ў рэзкай дэвальвацыі».
Закранаючы магчымы ўплыў росту заработнай платы на эканоміку Беларусі, Надзея Ермакова растлумачыла, што частка заработнай платы, якая выплачваецца ў сацыяльнай сферы, бюджэтнікам, ужо заробленая. Яна залежыць ад той прадукцыйнасці працы, якая была, і паступіла ў бюджэт. Усе астатнія прадпрыемствы павінны зарплату зарабіць. Пры гэтым варта адназначна выконваць прынцып апераджальнага тэмпу росту прадукцыйнасці працы над тэмпамі росту заработнай платы. «Я думаю, што абвалу не павінна быць», — супакойвае Надзея Ермакова.
З такой пастаноўкай пытання не згодныя незалежныя аналітыкі. Так, эканаміст Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што Беларусі няма з чаго падвышаць заробак да запаветных 500 долараў. Ён звяртае ўвагу на прыкрытую «лавачку» па гандлі «растваральнікамі», з-за чаго бюджэт дзяржавы страціць блізу двух мільярдаў долараў даходаў штогод. Цяпер жа краіна знаходзіцца перад выплатай абавязкаў сваім крэдыторам, а імклівага росту ВУП, з чаго б можна было цягнуць грошы, таксама няма. «Прадукцыйнасць працы на макраўзроўні складае 2,5%, што адпавядае цяперашняму росту ВУП Беларусі», — тлумачыць эканаміст.
Разам з тым кіраўніцтва краіны не пакідае спробаў знайсці знешнія крыніцы фінансавання. Так, у кастрычніку Беларусь мае намер аднавіць перамовы з Міжнародным валютным фондам на прадмет фінансавага супрацоўніцтва. Цяпер абмяркоўваецца аднаўленне перамоваў. Беларусь прыме ўдзел у штогадовым сходзе МВФ і Сусветнага банка, які пройдзе ў кастрычніку ў Токіа. Беларусь заявіла, што будзе ўдзельнічаць у шэрагу сустрэч. Таксама ў кастрычніку ў Беларусь прыедзе місія, і тады зноў будуць весціся перамовы.
Па словах кіраўніка Нацбанка, прапановы Рэспублікі Беларусь на адрас МВФ засталіся ў сіле. Разам з тым Ермакова адзначыла, што місія, якая наведвала Беларусь гэтым летам, паказала на існаванне палітычнага пытання. З сакавіка 2010 года МВФ па праграме «Stand-by» выдзеліў Беларусі каля 3,46 мільярда долараў крэдыту.
Што тычыцца пагрозы валютнага дэфіцыту, то ў жніўні назіралася перавышэнне попыту над прапановай на валютнай біржы. Гэтыя працэсы маюць працяг і ў верасні. Прычым нельга апеляваць толькі да летняга сезону адпачынкаў, бо сумы, якія набываюць прыватныя асобы, не настолькі ўнушальныя, каб справакаваць крызіс. Рост даходаў грамадзян і недавер да айчыннай эканамічнай сістэмы спрыяюць захоўванню грошай у цвёрдай валюце, увазе да імпартных тавараў, што негатыўна адбіваецца на валютным рынку краіны, дапаўняючы праблемы ад перакрытых крыніц валютных паступленняў ад знешняга гандлю.