Дзеля гіпермаркета ў Бабруйску высякаюць парк

Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, пачалося знішчэнне зялёнай зоны на скрыжаванні вуліц 50 гадоў ВЛКСМ і Лынькова.



vysieczka.jpg

Чыноўнікі аддалі гэтую тэрыторыю кампаніі «Inproma Group» пад будоўлю гіпермаркета «Ома».
Зялёная зона стваралася на гэтым месцы спецыяльна, каб абараніць жыхароў ад выкідаў прадпрыемстваў, якія размясціліся праз дарогу —  завода гуматэхнічных вырабаў, гарбарнага камбіната, завода буйнапанэльнага домабудавання, шыннага камбіната. Але цяпер, на думку мясцовых чыноўнікаў, санітарная зона стала неабавязковай. Нават з улікам таго, што са з'яўленнем тут будаўнічага гіпермаркета значна павялічыцца плынь аўтамабіляў, і паветра будзе забруджвацца яшчэ больш.
Высечка ідзе хутка, пад пілу трапляюць прыгожыя бярозкі і таполі. Усяго тут будзе знішчана блізу 650 дрэў.
У кастрычніку мінулага года мясцовыя ўлады правялі «грамадскія слуханні». Пераважная колькасць апытаных бабруйцаў, 563 чалавекі, выказаліся супраць высечкі санітарнай зоны і будаўніцтва гіпермаркета. Але іх меркаванне, у выніку, ніяк не паўплывала на пастанову чыноўнікаў. Было агучана, што будоўля пачнецца хуткім часам, і павінна скончыцца ў 2016 годзе.
Жыхары прылеглых да зялёнай зоны дамоў далей дасылалі звароты ў гарвыканкам, даводзілі сваю пазіцыю на сустрэчах з забудоўшчыкам і прадстаўнікамі ўлады, спадзяваліся на цуд. Але паспешная высечка санітарнай зоны, якая пачалася некалькі дзён таму, стала красамоўным адказам чыноўнікаў на просьбы бабруйцаў.
Характэрна, што ў «Пратаколе грамадскага абмеркавання праекта»  ёсць наступная інфармацыя: «У гэтай сітуацыі мэтазгодна абавязаць забудоўшчыка зрушыць аб'ект на поўдзень, дзе значна менш зялёных насаджэнняў, а падчас распрацоўкі добраўпарадкавання і арганізацыі парковак прадугледзець выспачкі зеляніны ў месцах найбольшай канцэнтрацыі зялёных насаджэнняў» . Сапраўды, з правага боку санітарная зона менш засаджаная дрэвамі, ёсць нават даволі вялікія пусткі. Але нават гэтыя рэкамендацыі забудоўшчык праігнараваў і пачаў ладзіць зручную для сябе пляцоўку, найбольш шчыльна засаджаную дрэвамі.
spring96.org