Эколагі дамагліся забароны будаўніцтва кароўніка ў Нарачанскім парку
Грамадскія экалагічныя актывісты дамагліся забароны будаўніцтва малочна-таварнай фермы на 1800 галоў каля аграгарадка Нарач.

Як паведамляе naviny.by, эколагі сцвярджалі, што праект пагражае знакамітым азёрам, бо размяшчаецца ў водаахоўнай зоне. Мясцовыя ўлады і будучы ўладальнік былі ўпэўненыя, што праект зроблены правільна.
Праз амаль тры месяцы змаганняў, сваё рашэнне вынесла Мінпрыроды. Як гаворыцца ў заключэнні начальніка ўпраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Мінпрыроды Андрэя Шахэмірава, малочна-таварная ферма размяшчаецца ў гаспадарчай зоне нацыянальнага парка «Нарачанскі».
Размяшчэнне такога аб’екта супярэчыць рэжыму нацпарка, бо на яго тэрыторыі не дапускаецца правядзенне працаў, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафта, рух і стаянка любых транспартных сродкаў. Гэтыя нормы закладзеныя ў Палажэнні аб нацыянальным парку «Нарачанскі» і зацверджаныя ўказам №59 ад 9 лютага 2013 года.