Экс-журналіст «Трыбуны» Андрэй Маслоўскі знаходзіцца на Акрэсціна. Яго будуць судзіць
Былы карэспандэнт спартыўнага выдання Tribuna.com Андрэй Маслоўскі знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна і чакае суду па адміністрацыйнай справе.

Напярэдадні стала вядома, што ў кватэры Андрэя Маслоўскага сілавікі зладзілі ператрус. Пасля гэтага з ім правялі гутарку супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а затым затрымалі.
Андрэй Маслоўскі працаваў у рэдакцыі «Трыбуны» з 2010 года,
а сёлета ў ліпені звольніўся па пагадненні бакоў.
Раней сілавікі затрымлівалі журналіста спартыўнага медыя
Дзмітрыя Рута, якога суд пакараў 15 суткамі адміністрацыйнага арышту за
чырвона-белы шалік заўзятара, знойдзены ў яго аўтамабілі.
Следам схапілі журналіста і форварда футбольнага клуба «Крумкачы» Аляксандра Івуліна, якога летась пакаралі штрафам за ўдзел у акцыі
пратэсту.
Спачатку ён адседзеў 30 сутак быццам за «забаронены сцяг на акне», а потым яго перавялі ў мінскае СІЗА №1, абвінаваціўшы ў «арганізацыі і
падрыхтоўцы беспарадкаў». Правабаронцы прызналі Аляксандра Івуліна
палітвязнем.
Таксама ў пачатку верасня адбыўся ператрус у кватэры аднаго з кіраўнікоў спартыўнага партала Максіма Беразінскага. Сам журналіст знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Паводле «Свабоды».