Фатографа Сяргея Гапона за Масленіцу судзіць не будуць

Жыхара Крэва фатографа Сяргея Гапона за святкаванне Масленіцы хацелі прыцягнуць па 24.23. Але працэс спынілі.

maslenica_krevo_14_marta.jpg

Сяргею Гапону даслалі ліст, што ў дачыненні да яго вынесеная пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, паведамляе TUT.BY. У сакавіку фатограф Сяргей Гапон зладзіў для мясцовых жыхароў і мінчукоў свята Масленіцы, на якое ў выніку зазірнула і міліцыя.

Рашэнне Смаргонскі РАУС патлумачыў тым, што ў дзеяннях Гапона адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 24.23 КААП Рэспублікі Беларусь. Ліст датаваны 26 сакавіка, але жыхар Крэва атрымаў яго толькі ўчора.

Нагадаем, 14 сакавіка Сяргей Гапон запрасіў беларусаў святкаваць Масленіцу на Юр'еву гару, частка якой з'яўляецца дваром фатографа. Прыязджала ў тым ліку Вольга Хіжынкова. На свяце таксама з'явілася міліцыя:

— Дзесьці за гадзіну да пачатку патэлефанаваў участковы і папярэдзіў, што праз нейкі час прыедзе разам са Смаргонскай міліцыяй, — успамінаў тое, што адбывалася 14 сакавіка Сяргей. — Па прыездзе папрасілі выйсці да іх, каб не турбаваць сваёй прысутнасцю гасцей. Супрацоўнік са Смаргоні сказаў, што бачыць ва ўсім парушэнне «Закона аб масавых мерапрыемствах», і ўручыў позву для дачы пісьмовых тлумачэнняў.