Галоўрэд «СБ»: Планшэты дэлегатам Усебеларускага сходу — спонсарская дапамога

Планшэты, якія атрымаў кожны з удзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу — гэта спонсарская дапамога. З такой заявай выступіў галоўны рэдактар газеты "СБ — Беларусь сегодня" Павел Якубовіч у праграме "Клуб рэдактараў" на тэлеканале "Беларусь 1". У тэлеэфір выпуск выйшаў увечары 26 чэрвеня.

planshet_2706_2.jpg


"Планшэты дала не дзяржава. Планшэт — гэта спонсарская дапамога адной з фірмаў. Для іх гэта нядорага каштавала, таму што наўрад ці гэтыя планшэты цяпер увогуле прадаюцца", — заявіў галоўны рэдактар галоўнай афіцыйнай газеты.



Электронныя планшэты выклікалі шмат пытанняў у сацсетках. Па здымках са сходу было відаць, што гаворка ідзе пра Samsung Galaxy Tab 7.0. 2500 такіх планшэтаў (каб атрымаў кожны дэлегат сходу), па падліках Еўрарадыё, абышліся ў 9,37 млрд рублёў ці 475 тысяч долараў.  



Якубовіч лічыць, што пра спонсарскую дапамогу трэба было сказаць яшчэ да правядзення сходу і зняць пытанне.



Дарэчы, журналісты выявілі на сайце дзяржзакупак тэндар ад імя Мінгарвыканкама на закупку 400 такіх дэвайсаў. Менавіта 400 чалавек прадстаўлялі сталіцу на Усебеларускім сходзе.



На сайце petitions.by збіраюцца подпісы пад петыцыяй, якая патрабуе ад дзяржаўных органаў даць празрыстую справаздачу, колькі правядзенне Усебеларускага сходу каштавала бюджэту.
euroradio.fm