Генпракуратура завяла ажно шэсць крымінальных спраў на журналіста Сяргея Дубаўца
Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла адразу шэсць крымінальных спраў супраць вядомага журналіста «Свабоды» Сяргея Дубаўца. «Шыць» іх будуць паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Як адзначаецца на сайце ведамства, журналісты інкрымінуюць «адмаўленне генацыду беларускага народа», «рэабілітацыю нацызму», «стварэнне экстрэміскага фарміравання» і інш.
Нагадаем, «экстрэмісцкім фарміраваннем» рэжым Лукашэнкі прызнаў уласна рэдакцыю «Радыё Свабода».
«Падазраваны ў сваіх публічных выказваннях, якія публікуюцца ў аўтарскім блогу, распаўсюдзіў загадзя ілжывыя і адкрыта дэструктыўныя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, чым дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, органы дзяржаўнай улады і кіравання; распальваў сацыяльную варожасць па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы; учыніў паклёп на кіраўніка дзяржавы; удзельнічаў у экстрэмісцкім фарміраванні, а таксама фарміраванні, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму; адмаўляў факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд; здзейсніў наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму», — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Сяргея Дубаўца абвінавачваюць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі:
- арт. 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») — да чатырох гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы») — да пяці гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі) — да пяці гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім») — да сямі гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 арт. 130-2 («Адмаўленне генацыду беларускага народа») — да пяці гадоў пазбаўлення волі;
- ч. 1 арт. 130-1 («Рэабілітацыя нацызму») — да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Адзначаецца, што крымінальныя справы супраць журналісіта, які жыве за межамі Беларусі, накіраваныя для расследавання ў Следчы камітэт.
Сяргей Дубавец нарадзіўся 17 верасня 1959 года ў Мазыры. Беларускі журналіст і літаратар. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газеце «Гомельская праўда», нелегальным друку. Рэдактар аддзелу крытыкі часопіса «Нёман» (1987–1990), галоўны рэдактар газет «Наша Ніва» (1991–2000) і «Свабода» (2004–2008), радыё «Балтыйскія хвалі» (2000–2001), аўтар штотыднёвай перадачы «Вострая Брама» на радыё «Свабода» (з 1997).
Аўтар шэрагу кніг. Узнагароджаны медалём Літвы «За
адвагу» і прэміяй Беларускага ПЭН-Цэнтру.