Гісторык: Знойдзеная пячатка Еўфрасінні Полацкай гаворыць пра яе блізкасць да князя і епіскапа

У пачатку мая пры раскопках на тэрыторыі Свята-Еўфрасінеўскага манастыра ў Полацку (Віцебская вобласць) былі знойдзеныя дзве пячаткі, у адной з якіх удалося распазнаць актавую пячатку прападобнай Еўфрасінні Полацкай, паведаміў прарэктар па навучальнай працы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар гістарычных навук Дзяніс Дук.



euphrosyne_of_polatsk_01.jpg

Праца праводзілася ў межах дзяржаўных навуковых даследаванняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук (НАН), а непасрэдна раскопкі праводзілі спецыялісты з Полацкага дзяржуніверсітэта пры ўдзеле замежных кансультантаў, у тым ліку з Расіі.
На ўстанаўленне каштоўнасці знаходкі спатрэбілася амаль два тыдні. Пячатка была ў добрым стане, але «тым не менш прадмет праляжаў у зямлі больш за 800 гадоў». «Былі пэўныя праблемы з расчысткай, выдаленнем паціны. Пасля мы змаглі вызначыць па асаблівасцях каліграфіі, што гэта XII стагоддзе», — растлумачыў ён.
Прыналежнасць да прападобнай Еўфрасінні Полацкай высветлілася пасля таго, як на ачышчанай пячатцы ўдалося прачытаць надпіс — «традыцыйны зварот да Бога і імя» таго, хто звяртаецца. «Там было напісана: «Божа, дапамажы рабыні сваёй Еўфрасінні», — сказаў Дук.
«Важнасць гэтай пячаткі ў тым, што гэта першая знойдзеная атрыбутываная пячатка, якая належала Еўфрасінні Полацкай, — адзначыў прарэктар Полацкага ўніверсітэта. — Яна сведчыць пра ролю Еўфрасінні не толькі як царкоўнага дзеяча, але і як палітычнага лідара… Еўфрасіння была ўнікальнай асобай, якая аб’ядноўвала ў сабе рысы не толькі духоўнага паплечніка, але была і яркім грамадска-палітычным дзеячам. Па сутнасці, па статусе яна была блізкая да князя, біскупа, магла дзейнічаць у нейкія моманты ад іх імя».
Крыху пазней на раскопках знайшлі яшчэ адну пячатку, сказаў Дук, але яна не была атрыбутаваная. Па сваім тыпе яна «належыць да біскупскіх пячатак», хоць устанавіць пэўнага ўладальніка пакуль не ўяўляецца магчымым.
Факт таго, што на «даволі невялікай плошчы былі знойдзеныя такія ўнікальныя артэфакты» сведчыць, што ў манастыры актыўна ішла дзелавая перапіска. Гэта, у сваю чаргу, гаворыць аб тым, што «функцыі манастыра былі не толькі асветніцкія як цэнтра хрысціянства», але ён таксама быў «значным сацыяльна-палітычным цэнтрам».
Актавую пячатку прападобнай Еўфрасінні перадалі ў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, дзе яна і будзе захоўвацца. «Магчыма, на час мы будзем яе забіраць, каб праводзіць дадатковыя даследаванні», — сказаў Дук.
Палачане і госці Полацка змогуць убачыць унікальны артэфакт падчас святкавання мерапрыемстваў да Дня горада — з 4 па 7 чэрвеня пячатка будзе экспанавацца ў гарадской мастацкай галерэі.
Інфармацыя БелаПАН