У Полацку знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай
Старадаўнюю актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай знайшлі на раскопках Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, паведамілі ў райвыканкаме.
Напярэдадні святкавання Дня горада Полацка і Дня памяці Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра завяршыліся раскопкі, у якіх прымалі ўдзел як беларускія,
так і расійскія навукоўцы. Яны і выявілі унікальны артэфакт.
«Гэтая знаходка чарговы раз падкрэслівае значнасць і унікальнасць асобы святой і сведчыць пра тое, што манастыр у ХII ст. быў не толькі буйным духоўным і культурным, але і
грамадска-палітычным цэнтрам, дзе актыўна вялася перапіска, і Еўфрасіння Полацкая змацоўвала дакументы сваёй пячаткай», — падкрэслілі ў райвыканкаме.
Плануецца, што знаходка будзе дададзеная ў экспазіцыю сценапісу, знятага са сцен Спаса-Праабражэнскага храма ў Мастацкай галерэі Полацка.
Прэзентацыя артэфакта адбудзецца ў Мастацкай галерэі 4 чэрвеня ў 10.00. Пячатка будзе экспанавацца тут цягам 4 дзён (4, 5, 6, 7 чэрвеня).
БелТА