Гомель: Кастуся Жукоўскага своечасова не выпусцілі з ІЧУ, а на міліцэйскім аўтамабілі завезлі дахаты

2 сакавіка ў 12.30 з ІЧУ пасля адбыцця пакарання павінен быў выйсці грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі. Ужо з 12.00 каля ізалятара актывіста чакалі жонка, сябры і паплечнікі. Але ў 12.30 Жукоўскі не выйшаў з ІЧУ — яго вывезлі на міліцэйскім аўтамабілі ў невядомым накірунку. 



zukoyskij.jpg

За міліцэйскім аўтамабілем таксама паехаў легкавы аўтамабіль з міліцыянерам Пановым у цывільнай вопратцы. На скрыжаванні вуліц Барыкіна і Уладзіміра легкавы аўтамабіль, у якім сядзеў міліцыянер, уключыў «аварыйку» сярод дарогі і такім чынам заблакаваў праезд аўтамабілю жонкі Кастуся Жукоўскага.

У выніку пасля «экскурсіі» па гораду ў міліцэйскім аўтамабілі актывіста прывезлі практычна дахаты, на вуліцу Кніжную.

Ён усе 10 дзён арышту трымаў галадоўку, прычым першыя пяць дзён – сухую.

Па словах Кастуся Жукоўскага, яго затрымалі ў аблвыканкаме міліцыянеры, якіх ён сам жа і выклікаў. «Я прыйшоў у аблвыканкам падаць скаргу. Міліцыянер на вахце не хацеў прапускаць мяне ў будынак. Я запатрабаваў кнігу скаргаў, але ён адмовіўся яе прадставіць. Тады я, згодна закону, выклікаў міліцыю па «102». Прыехалі міліцыянеры, правялі мяне ў будынак, далі кнігу скаргаў, дзе я пакінуў тры запісы. І тут жа ім паступіў загад па тэлефоне затрымаць мяне, што яны і зрабілі», - патлумачыў актывіст.

На судзе сведкамі нібыта «бруднай лаянкі» выступалі міліцыянеры. Адзін з іх сцвярджаў, што Кастусь Жукоўскі пагражаў яго «забіць, застрэліць і павесіць». «Тады я задаў пытанне: а чаму ж на мяне не ўзбудзілі крымінальную справу за пагрозы забойствам, а судзяць за нібыта брудную лаянку? Адказу я не пачуў», — дадаў Жукоўскі.

Яшчэ ў ІЧУ ён напісаў шэраг скаргаў на парушэнні закону пры яго затрыманні і арышце.


spring96.org