Аляксандар Францкевіч: Не зайздрошчу тым, хто зараз трапіць на Акрэсціна
З турмы на Акрэсціна пасля 25 дзён арышту выйшаў на волю былы палітвязень Аляксандр Францкевіч, які быў пакараны нібыта за брыдкаслоўе і непадпарадкаванне.
Аляксандар Францкевіч, архіўнае фота
Аляксандра Францкевіча з Акрэсціна завезлі ў міліцыю Першамайскага раёну, дзе ён пражывае, між тым як судзілі актывіста ў Савецкім раённым судзе, і чакалася, што яго павязуць у міліцыю гэтага раёну. «Гэта каб мяне не адразу знайшлі маці і сябры», — пажартаваў Аляксандр падчас нашай тэлефоннай размовы. Аляксандр адказаў праз матчын тэлефон, то бок маці актывіста усё ж змагла хутка яго сустрэць і ўзяць у абдымкі.
Як прайшлі 25 сутак няволі? Аляксандр кажа, што гэта збольшага была звычайная адседка, толькі занадта даўгая. Адрозненне хіба тое, што да вязня прыходзілі аператыўнікі:
«Як заўсёды. У нашай краіне нічога не мяняецца, можа толькі горш стаць, напэўна. Прыходзілі да мяне аператыўнікі, хацелі пагаварыць наконт адной акцыі анархістаў, якая праходзіла ў Менску, але ў мяне не было жадання з імі размаўляць, гутарка не атрымалася. Прыходзілі да мяне з Ленінскага РУУС».
У студзені ў Мінску прайшла акцыя, у якой было выказана стаўленне да міліцыянтаў з Ленінскай раённай управы. Невядомыя сфатаграфавалі сябе ў непублічным выглядзе і выставілі гэтыя фоты ў інтэрнэт. Міліцыянты палічылі, што гэта зрабілі актывісты анархісцкага руху, і неўзабаве па Мінску прайшлі арышты анархістаў. У тым ліку была арыштаваная і адпраўленая на 15 сутак дзяўчына Аляксандра Францкевіча. Актывістаў асудзілі нібыта за хуліганства і непадпарадкаванне. У пачатку лютага дайшла чарга і да Аляксандра Францкевіча. Да былога палітвязня прыйшлі на працу, і там яго затрымалі, хаця потым у судзе міліцыянты сведчылі, што затрымалі Аляксандра нібыта на вуліцы, што ён паводзіў сябе падазрона, а потым аказаў супраціў і брыдкасловіў.
Пра знаходжанне на Акрэсціна Аляксандр Францкевіч паведаміў: гэтым разам сядзеў з алкаголікамі, некаторых накіравалі ў ізалятар таму, што пасварыліся з участковым. Харчаванне было дрэннае, але выставілі рахунак — больш як на 2 мільёны рублёў. Перадачы перадавалі, а вось пошту ён атрымаў не ўсю.
«Не аддалі лісты маёй дзяўчыны, хаця дакладна ведаю, што яна мне пісала. Магчыма, даследуюць іх, не ведаю, што яны там у КДБ з імі робяць. Гэта было вельмі непрыемна, бо чакаеш гэтых лістоў больш за ўсё. Перадавалі ваду, харчы, якія могуць хутка сапсавацца, газеты, часопісы. Выводзілі на праменады, у камерах было дастаткова цёпла, але зараз не зайздрошчу тым, хто туды трапіць. Бо заканчваецца ацяпляльны сезон, і там будзе вельмі холадна, пакуль не пацяплее на вуліцы».
Мінулым разам Аляксандра Франецевіча арыштоўвалі ў траўні падчас чэмпіянату па хакеі. Таксама нібыта за лаянку і непадарадкаванне.