Гомельскаму апазіцыянеру Кастусю Жукоўскаму пагражаюць суткамі за бел-чырвона-белы сцяг

У гонар 150-годдзя пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі вывесіў над сваёй прыватнай хатай у цэнтры Гомеля бел-чырвона-белы сцяг.



zukouski_sciag.jpg

А ўжо назаўтра, 23 студзеня, актывісту патэлефанаваў невядомы:

«Мужчына не прадставіўся, назваўся «дабразычліўцам», і сказаў: «Кастусь, калі не здымеш сцяг, атрымаеш 15 сутак». Я патрабаваў, каб ён прадставіўся, але той кідаў слухаўку. Мяркуючы па нумары, тэлефанаваў невядомы з тэлефона-аўтамата».

Цікава, што прыкладна за гадзіну да тэлефанавання невядомага апазіцыянер зняў сцяг, каб той не трапаўся. Але цяпер актывіст намераны зноў яго вывесіць:

«Каб не думалі, што я баюся нейкіх «дабразычліўцаў»! І суткі хай даюць. Я ўпэўнены, што тэлефанавалі менавіта міліцыянты. Вось улада і паказала ў гэтае народнае свята, каму яна служыць. Нават пры Саюзе паўстанне Каліноўскага афіцыйна ўхвалялі, а пры цяпершняй уладзе — ніводнага афіцыйнага мерапрыемства ў гэты юбілей».

Актывіст рыхтуе скаргу ў пракуратуру з патрабаваннем знайсці ананімнага «дабразычліўца».

 
spring96.org