Грамадзяніна Латвіі ў Беларусі адправілі ў псіхіятрычную клініку за допісы пра Лукашэнку
Грамадзяніна Латвіі затрымалі ў Беларусі з-за паведамленняў у тэлефоне і адправілі ў псіхіятрычную клініку.
Міністэрства замежных спраў Латвіі заклікае грамадзян не ездзіць у Беларусь, хаця з сярэдзіны красавіка беларускія ўлады ўвялі бязвізавы рэжым. Ужо вядомы выпадак, калі грамадзяніна Латвіі затрымалі з-за паведамленняў у тэлефоне і адправілі ў псіхіятрычную клініку. Пра гэта заявіла парламенцкі сакратар МЗС Латвіі Занда Калніня-Лукашэвіч.
"Людзі думаюць, што яны проста едуць туды на закупы, да сваякоў, але каго заўгодна могуць спыніць і арыштаваць на вуліцы", — перадае La.lv яе словы.
Пра суайчынніка яна распавяла, што ў Беларусі яго затрымалі і праверылі тэлефон. "І ўладам не спадабаліся паведамленні, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі. Яго змясцілі пад варту. Калі супрацоўнікі консульства хутка прыбылі на сустрэчу з затрыманым, то яго ўжо не заспелі, бо яго на месяц змясцілі ў закрытую псіхіятрычную бальніцу для правядзення экспертыз", — расказала прадстаўніца МЗС.
Яна не ўдакладніла, прыехаў гэты чалавек у Беларусь, скарыстаўшыся "бязвізам", ці ён пражывае ў Беларусі.
Паводле Еўр*радыё